Лукашэнка выказаўся пра стужку „Залатое дно”



Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка пракаментаваў інфармацыю, абнародаваную ў фільме „Залатое дно”, які выйшаў у інтэрнэце і дзе расказваецца аб раскошы, у якой нібыта ён жыве.

Размаўляючы з журналістамі пасля „Мінскай лыжні — 2021” у РЦАП па зімовых відах спорту „Раўбічы”, Лукашэнка заявіў аб ілжывасці прадстаўленай інфармацыі. „Я ніколі сабе не дазволю ўкрасці нешта ў людзей”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Пры гэтым ён адзначыў, што яшчэ не глядзеў фільм. „Я паспрабую. Кажуць, вельмі вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз. Я таксама зрабіў выснову, што новага тут нічога няма”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ніколі б сабе не дазволіў гаварыць адно, а рабіць іншае, бо, асабліва ў вачах тых людзей, якія яго падтрымліваюць, выглядаў бы вельмі негатыўна. „Самае страшнае для мяне — абняславіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як я не гавару. Калі я сказаў, так і павінен зрабіць. Таму не трэба шукаць. Яны ўзяліся за гэтую тэму дарма. Гэта калька з фільма пра Пуціна, — адзначыў Лукашэнка. — Палацы там, яшчэ нешта, і ў штаны залезлі ў канцы. Слухайце, ну гэта наогул ужо непрыстойна. Прытым называюць канкрэтныя прозвішчы, якія не маюць ніякага дачынення, клянуся вам. Навошта?”

Фільм „Залатое дно” створаны аўтарамі тэлеграм-канала, які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім. Фільм быў размешчаны ў інтэрнэце ўвечары 8 сакавіка, выйшаў на першае месца ў трэндах YouTube у Беларусі і да цяперашняга моманту набраў 4,77 млн праглядаў.

belapan.by