Лукашэнка вызначыў канцэпцыю развіцця Беларусі



Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць пазначыў канцэпцыю развіцця Беларусі з акцэнтам на стварэнне ў населеных пунктах рознага ўзроўню якасных умоваў для жыцця людзей.

Наведваючы гарадскі пасёлак Копысь, кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады аб сацыяльна-эканамічным развіцці гэтага населенага пункта — адпаведныя даручэнні былі дадзеныя ім у лістападзе 2016 года.

За гэты час у пасёлку зрабілі інжынерна-транспартную інфраструктуру, уключаючы рэканструкцыю вулічна-дарожнай сеткі; стварылі новыя сацыяльныя, гандлёвыя, турыстычныя і спартыўныя аб’екты; правялі мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў. Пры гэтым, як было паведамлена кіраўніку краіны, улічваліся пажаданні мясцовых жыхароў. Усе працы атрымалася правесці ў максімальна кароткія тэрміны, якасна і нядорага.

„Яшчэ раз хачу для ўсіх падкрэсліць, што гэта не проста для паказухі мы робім. Насамрэч мы хочам паказаць, якім чынам мы павінны ўладкаваць такія пасёлкі гарадскога тыпу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — У нас іх, можа, 60-70 такіх пасёлкаў. Натуральна, іх трэба прывесці ў добры стан”.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што трэба дэталёва прадумаць уладкаванне гэтых населеных пунктаў, параіцца з мясцовымі жыхарамі, але разам з тым абысціся без празмернасцяў. „Мы зрабілі адзін пасёлак. Усіх губернатараў сюды прывязём. З наступнага года ў кожнай вобласці два пасёлкb кожны год дастань і пакладзі. Менавіта так, як тут у Копысі, мы іх павінны прывесці ў парадак. Тады мы замыкаем вертыкаль аднаўлення краіны, пра якую я казаў: Менск, абласныя цэнтры, раённыя цэнтры (яны ўсё ў парадку, нават у Віцебскай вобласці), ніжэй ідзе аграгарадок (таксама ведаем, як рабіць), далей ідуць пасёлкі гарадскога тыпу і вёскі, дзе раней былі цэнтры аб’яднаных гаспадарак”, – адзначыў ён.

belta.by