Лукашэнка: З дапамогай „пятай калоны” спрабуюць дэстабілізаваць краіну



„Чалавецтва апынулася ля небяспечнай рысы новай вялікай вайны. Пагрозу зведвае і наша Беларусь”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 траўня на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента на плошчы Перамогі ў Менску.

„Ля нашых межаў назапашваюцца ваенныя арсеналы. Літаральна па суседству, у былых савецкіх рэспубліках, размяшчаюцца ваенныя базы, праводзяцца баявыя вучэнні і манеўры. З дапамогай нашай унутранай „пятай калоны” робяцца спробы дэстабілізаваць становішча ўнутры краіны”, — сказаў афіцыйны Лукашэнка.

Таму, на яго думку, асаблівую значнасць набываюць пільнасць і арганізацыя бяспекі дзяржавы. „Як зрэнку вока неабходна берагчы мір і згоду ў нашым родным доме. Мы павінны быць такімі ж адзінымі і цвёрдымі, як нашы бацькі, дзяды, прадзеды ў час суровых выпрабаванняў. Тады ніхто не адважыцца праверыць нас на трываласць”, — лічыць беларускі кіраўнік.

„З нашай зямлі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць агрэсія, — падкрэсліў ён. — Мы даказалі ўсім, што Беларусь — мірная і добразычлівая краіна. Але гэта не значыць, што яна не можа за сябе пастаяць. Так, чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім. Так навучылі нас нашы гераічныя продкі”.

„Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрасліць. Гэта павінны ведаць у тым ліку і тыя, хто сёння робіць спробы перапісаць гісторыю, адабраць у нашага народа вялікую перамогу. Дапусціць гэтага мы не можам”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by