Лукашэнка заявіў, што не абяцаў Пуціну канстытуцыйную рэформу



Падчас візіту на гарадзенскае прадпрыемства „Малочны свет” 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не абяцаў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну правесці канстытуцыйную рэформу.

„Апошнім часам, калі пайшла канстытуцыйная рэформа, [канстытуцыйная] камісія працуе, усе пачалі там папісваць: Лукашэнка паабяцаў Пуціну канстытуцыйную рэформу. Я ніколі нікому нічога не абяцаў, акрамя вось вас — уласнага народа. Якое дачыненне мае Расія да канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі? Ніколі гэтая тэма не закраналася, акрамя як у агульных рысах”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Як сцвярджае Лукашэнка, кіраўнік РФ проста цікавіўся яго планамі і думкамі на гэты конт. „Натуральна, ні пра які транзіт улады, як гэта ў Расіі кажуць… Транзіт улады адзін: выбары, народ выбраў. Усё. Ніякіх дзяцей, сваякоў. Я проста клянуся, гэтага ніколі не будзе. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі, я ўжо пра гэта казаў. Старэйшы сын наогул пакінуў дзяржслужбу”, — заявіў ён.

Як паведамлялася, у склад канстытуцыйнай камісіі, якую ўзначаліў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, увайшло 36 прадстаўнікоў розных сфер. Намеснікамі старшыні камісіі прызначаныя старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі — Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава.

Камісія павінна да 1 жніўня прадставіць Аляксандру Лукашэнку прапановы па змене Асноўнага закона для іх наступнага вынясення на рэферэндум.

Падчас візіту ў Гародню Лукашэнка заявіў, што лічыць годнымі кандыдатамі на прэзідэнцкую пасаду былога міністра ўнутраных спраў, свайго памочніка па Гарадзенскай вобласці Юрыя Караева (хоць той не нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі) і былога міністра аховы здароўя, старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.

belapan.by