Лукашэнка: Журналісты павінны працаваць з дазволу намеснікаў старшыняў выканкамаў па ідэалогіі
У Беларусі „завяршаецца сістэмная праца па навядзенні парадку ў інфармацыйным полі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня на сустрэчы з рэгіянальнымі чыноўнікамі.
„Тут важна разумець: мы змагаемся не з іншадумствам або рознымі меркаваннямі. Барані Гасподзь. Пад гэтую марку выразаць розныя пункты гледжання — усё, прападзем, загіне краіна. Проста свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёння перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць. І супраць гэтага мы будзем змагацца жорстка і рашуча. Мы не адступім”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
„Адна гісторыя — крытыкаваць уладу. І мы заўсёды ўспрымалі крытыку адэкватна. <…> Іншая — заклікаць да бунту і крывавых распраў з тымі, хто не падтрымлівае гэтыя так званыя рэвалюцыйныя, бандыцкія настроі. Нагнятаць атмасферу страху і недаверу праз сфабрыкаваныя слівы, кібератакі і доступ да асабістых звестак. Гэтага не будзе”, — заявіў ён.
Лукашэнка лічыць, што „ўся Беларусь была ахутаная” сеткай „ангажаваных інфармацыйных рэсурсаў: сайтаў, тэлеграм-каналаў, відэаблогаў, груп у сацыяльных сетках, месенджараў”. Паводле яго слоў, быў сфармаваны цэлы пояс медыяпарталаў, арыентаваных на канкрэтныя населеныя пункты і цэлыя тэрыторыі. Акрамя Менска і абласных цэнтраў Лукашэнка адзначыў Палескі рэгіён, дзе „варочалі як мінімум тры буйныя парталы”.
„Толькі сёлета ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключана больш за сто інтэрнэт-рэсурсаў”, — падкрэсліў ён.
Лукашэнка назваў арганізацыю інфармацыйнай бяспекі важным аспектам комплексу мер па арганізацыі бяспекі і парадку: „Кожны старшыня выканкама павінен мець дакладнае ўяўленне пра інфармацыйную карту свайго раёна ці горада. Якія СМІ і рэсурсы дзейнічаюць, якую рэдакцыйную палітыку яны праводзяць, якой падтрымкай насельніцтва карыстаюцца. Намеснік старшыні, які курыруе пытанні ідэалогіі і інфармацыі, павінен у твар ведаць усіх журналістаў, блогераў, адміністратараў тэлеграм-каналаў і чатаў, якія пражываюць і працуюць у раёне, працаваць з імі асабіста. Усё павінна быць не проста пад кантролем, а рабіцца з вашага дазволу”.
8 і 9 ліпеня ў рэдакцыях недзяржаўных медыя і ў журналістаў прайшлі масавыя вобшукі, якія закранулі не менш як 12 СМІ. Вобшукі прайшлі ў тым ліку ў офісе і ў супрацоўнікаў „Нашай Нівы” — у кіраўніка рэкламнага аддзела Андрэя Скурко, галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара часопіса „Наша гісторыя” Андрэя Дынько і галоўнага бухгалтара Вольгі Раковіч. Усе чацвёра былі затрыманыя. Раковіч 16 ліпеня выйшла на волю, Дынько — 21 ліпеня. Марціновіч і Скурко застаюцца пад вартай на падставе абвінавачання ў прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу (ч.2 арт. 216 КК).
16 ліпеня сілавікі правялі вобшукі яшчэ ў больш як 20 прадстаўнікоў незалежных медыя і фрылансараў, а таксама ў мінскім офісе „Радыё Свабода”. Былі затрыманыя журналісты тэлеканала „Белсат” Ганна Галёта і Ігар Ілляш, журналісты „Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч, Алесь Дашчынскі і Інэса Студзінская. Галёта і Дашчынскі праз сем сутак былі адпушчаныя, Груздзіловіч, Студзінская і Ілляш — праз 10 сутак.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку года зафіксавана 118 вобшукаў і 95 затрыманняў прадстаўнікоў СМІ. Вядома пра шэсць фактаў прымянення гвалту ў дачыненні да журналістаў і нападу на іх пры выкананні прафесійных абавязкаў. 21 раз журналісты зведвалі адміністрацыйны арышт, 39 разоў ім прызначалі штрафы, агульная сума якіх склала больш за 47 тыс. рублёў. 27 прадстаўнікоў медыя на гэты момант знаходзяцца за кратамі.
Фота: belta.by
