Лукашэнка знаходзіцца ў ААЭ



Аляксандр Лукашэнка наведвае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам, паведаміла ўвечары 27 кастрычніка прэс-служба кіраўніка Беларусі.

„Падчас паездкі запланаваныя перамовы з кіраўніцтвам ААЭ для абмеркавання бягучага стану беларуска-эмірацкага ўзаемадзеяння, ходу рэалізацыі ранейшых дамоўленасцяў, а таксама ўзаемавыгадных перспектыўных праектаў. У праграме візіту таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўлады і бізнес-колаў краіны”, — адзначаецца ў рэлізе.

У межах візіту адбылося падпісанне крэдытнага пагаднення паміж беларускім Банкам развіцця і Фондам развіцця прадпрымальніцтва імя Халіфы. Фонд выдзеліць банку каля 25 млн долараў ЗША, якія будуць накіраваныя на „развіццё прыватнай ініцыятывы, інавацыі, рэгіянальныя праекты і стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь новых працоўных месцаў”.

Акрамя таго, „улічваючы сяброўскі характар узаемаадносін”, з боку кіраўніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў „атрымана запрашэнне ў адрас Аляксандра Лукашэнкі традыцыйна некалькі дзён пагасціць у ААЭ”.

Апошні раз Лукашэнка наведваў ААЭ з 28 кастрычніка па 7 лістапада 2016 года.

belapan.com