Лукашэнка зрабіў перастаноўкі ў камандаванні ВПС і войскамі СПА
Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя перастаноўкі ў камандаванні Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных cіл. Адпаведныя ўказы ён падпісаў 29 снежня, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Генерал-маёр Сяргей Трус вызвалены ад пасады начальніка галоўнага штаба — першага намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны і звольнены з ваеннай службы ў запас з правам нашэння ваеннай формы адзення і знакаў адрознення.
На яго месца прызначаны генерал-маёр Андрэй Гурцэвіч, які адпаведна вызвалены ад пасады намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны. На гэтую пазіцыю Лукашэнка прызначыў палкоўніка Дзмітрыя Міхалапа.
