Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў



Новым старшынёй Менскага гарвыканкама прызначаны Андрэй Шорац. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

Мікалай Ладуцька быў прызначаны кіраўніком Менска ў 2010 годзе. Раней Лукашэнка неаднаразова пагражаў адправіць Ладуцьку ў адстаўку.

Старшынём Мытнага камітэта прызначаны Юры Сянько. На пасаду кіраўніка ДМК Юрый Сянько прыйшоў з пасады старшыні Менскай рэгіянальнай мытні. Юрый Сянько змяніў Аляксандра Шпілеўскага, які кіраваў Мытным камітэтам больш за 13 гадоў – з верасня 2001 года.

Міністрам фінансаў Беларусі прызначаны Уладзімір Амарын. Пасада міністра фінансаў была вакантна з 21 ліпеня, калі ад пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку быў вызвалены Андрэй Харкавец. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сысці з дзяржслужбы Харкавец быў вымушаны па стане здароўя. Уладзімір Амарын да нядаўняга часу займаў пасаду першага намесніка міністра фінансаў.

Таксама новым прэс-сакратаром Лукашэнкі стала вядучая беларускага тэлебачання Наталля Эйсмант. Наталля Эйсмант вяла выпускі навінаў, праграму „Панарама” і разам са сваім мужам Іванам Эйсмантам – „Галоўны эфір”. У апошнія гады ў кіраўніка дзяржавы не было прэс-сакратара. Апошняй гэтую пасаду да 2004 года займала Наталля Пяткевіч.