Лукашэнка звольніў віцэ-прэм’ера Русага і міністра Зайца



Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка падпісаў указы, якія прадугледжваюць шэраг кадравых рашэнняў, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

Міхаіл Русы вызвалены ад пасады намесніка прэм’ер-міністра Беларусі.

Уладзімір Даманеўскі вызвалены ад пасады старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Леанід Заяц вызвалены ад пасады міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

На памочніка прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова ўскладзенае выкананне абавязкаў старшыні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта.

Міхаіл Русы ў 2010—2012 гадах быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, а на пасадзе віцэ-прэм’ера, які курыраваў гэтую сферу, знаходзіўся з красавіка 2012 года.

Леанід Заяц узначаліў Мінсельгасхарч у 2012 годзе пасля сыходу Русага.

Уладзімір Даманеўскі быў на чале Магілёўскай вобласці са снежня 2014 года.

25 сакавіка Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу дзяржчыноўнікаў па развіцці сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах. „Цэлы віцэ-прэм’ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэнта (Міхаіл Русы. — БелаПАН.). Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці (Генадзь Лаўранкоў. — БелаПАН.). Губернатар самы прасунуты (Уладзімір Даманеўскі. — БелаПАН.). І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?” — задаўся ён пытаннем.

Наведваючы 26 сакавіка малочна-таварны комплекс „Сліж” прадпрыемства „Амкадор-Шклоў” са структуры аграхолдынга „Купалаўская”, Лукашэнка абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў і адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях. „Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцым, а вы яго ставіце кіраўніком холдынга, я вас наогул не разумею, — заявіў ён. — Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць. Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы”.

Лукашэнка даручыў зняць з пасад усіх вінаватых у неналежных умовах гаспадарання ў аграхолдынгу „Купалаўскае” і распачаць крымінальныя справы. „Да вечара каб на стале тут ляжаў спіс усіх, хто мяне тут суправаджаў, — запатрабаваў ён. — Акрамя губернатара і іншых тут яшчэ былі людзі канкрэтныя, якія за гэта павінны былі адказваць. Зразумела? Усіх пад нож, усіх да адзінага. Леанід Васільевіч (Анфімаў, старшыня Камітэта дзяржкантролю. — БелаПАН.), крымінальную справу распачаць па ўсёй строгасці закона. Да мяне не звяртайся. Вінаваты — наручнікі і адразу ў следчы ізалятар. Ты разумееш, што я сказаў”.

27 сакавіка Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што ў дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў „Амкадор-Шклоў” і „Купалаўскае” распачатая крымінальная справа.

belapan.by