Лукашэнка звярнуўся да Літвы і Польшчы з заклікам спыніць канфрантацыйную рыторыку
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 7 лістапада на мітынгу перад калектывам і будаўнікамі БелАЭС (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), звярнуўся да кіраўніцтва Літвы і Польшчы з заклікам спыніць канфрантацыйную рыторыку і вярнуцца да дыялогу.
„Я хачу яшчэ раз звярнуцца (да кіраўніцтва Літвы) сёння з гэтай пляцоўкі — Беларускай АЭС: давайце жыць дружна. Давайце будзем разам працаваць. Нашы народы калісьці былі ў адной дзяржаве, нармальна жылі, ды і да гэтага часу нармальна жылі. Не, на роўным месцы ўлезлі ў наш агарод. Ну, добра, калі вы зразумелі, што памыліліся, сыходзіце з нашага агарода, давайце разам будзем працаваць: вы ў сваім агародзе, мы ў сваім. Давайце вырабляць электраэнергію, прадаваць яе, абменьвацца электраэнергіяй. Давайце жыць нармальна! Мы ж суседзі, а суседзяў не выбіраюць”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Ён звярнуў увагу, што ў той перыяд, калі ў Літве працавала Ігналінская АЭС, Беларусь не выстаўляла ніякіх прэтэнзій. Больш за тое, пасля яе закрыцця прапаноўвала магчымасць уладкаваць на працу частку спецыялістаў на будучай Беларускай АЭС. Аднак пад уздзеяннем знешняга націску Літва стала рэзка пярэчыць супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. „З Еўрасаюза падштурхнулі, давайце, бамбіце: „Станцыя небяспечная, станцыя такая-сякая”. І пайшло-паехала. А чаму? Таму што мы — канкурэнты сёння, канкурэнты заходнім краінам, ім не патрэбная гэтая станцыя, як і не патрэбная мірная, спакойная Беларусь”, — сказаў Лукашэнка.
„Вы ўжо, напэўна, праз два месяцы гэтых баёў у Мінску зразумелі, чаго яны хочуць. Там ужо за мяжой „урадаў”, створаных для Беларусі, у пяць разоў больш, чым гэтых энергаблокаў. Яны намі ўжо „кіруюць” адтуль. Я ім часта кажу: не смейце, мы адкажам, і адкажам вельмі моцна”, — папярэдзіў Лукашэнка.
Ён заявіў, што Беларусь пабудавала атамную электрастанцыю ў адпаведнасці з прынятым у нацыянальных інтарэсах рашэннем, і зрабіў акцэнт на бяспецы гэтага аб’екта, што пацверджанае меркаваннем міжнародных экспертаў.
„Тое ж самае я хачу сказаць і польскаму кіраўніцтву: нічога ў вас не атрымаецца. Мы не станем на калені. Мы адкажам, і я ўжо казаў: нават калі застанемся адны ў атачэнні, мы адкажам. Думаю, яны гэта зразумелі. Давайце працаваць разам, мы гатовыя адкрыта супрацоўнічаць”, — сказаў Лукашэнка.
Фота: belta.by
