Лябедзька: Дэпутацкі клуб плануецца зарэгістраваць у выглядзе ўстановы



Дэпутацкі клуб вырашана зарэгістраваць у выглядзе ўстановы, а не грамадскага аб’яднання, паведаміў БелаПАН экс-старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП), а цяпер дырэктар цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Такім чынам, паводле яго слоў, ініцыятарам стварэння гэтага клуба не трэба будзе збіраць па дзясятку чалавек з кожнай вобласці і праводзіць устаноўчы сход.

«Нам дастаткова мець статут, юрыдычны адрас і ініцыятыўную групу з адвольным колькасцю чалавек, – сказаў Лябедзька. – Пытанне з юрыдычным адрасам ужо вырашанае, зараз дапрацоўваецца статут установы. Першапачаткова ён быў распрацаваны пад грамадскае абʼяднанне, і цяпер яго перапісваюць. Работы там трохі, але яе ўсё роўна трэба зрабіць. Як толькі мы скончым гэтую частку, можна будзе адразу несці дакументы ў Міністэрства юстыцыі і спрабаваць зарэгістраваць установу».

На пытанне аб тэрмінах рэгістрацыі былы кіраўнік АГП адказаў, што шматлікія ініцыятары стварэння клуба цяпер занятыя парламенцкай кампаніяй. «З 7 па 17 кастрычніка ў нас будзе акно – дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты будуць пададзеныя, застанецца чакаць рашэння камісій. У гэты час я паспрабую актывізаваць людзей, каб падаць дакументы на рэгістрацыю ўстановы. Калі не выйдзе, перанясем гэтую справу на лістапад, калі завершыцца выбарчая кампанія», – паведаміў Лябедзька.

Упершыню ідэя стварэння дэпутацкага клуба была публічна выказаная 9 лютага ў Менску на сустрэчы былых членаў Вярхоўнага савета 12-га і 13-га скліканняў. Тады экс-парламентарыі стварылі арганізацыйны камітэт на чале з Мечаславам Грыбам, адказным сакратаром абралі Анатоля Лябедзьку. Сярод іншых у аргкамітэт увайшлі старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і ганаровы старшыня грамадскага абʼяднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алег Трусаў.

6 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэта абмеркавалі пытанне рэгістрацыі клуба з міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім. Па выніках сустрэчы Трусаў паведаміў БелаПАН, што стварэнне гэтай арганізацыі плануецца юрыдычна аформіць да канца 2019 года.

«Гэта будзе нармальная структура, накіраваная на развіццё парламентарызму ў нашай краіне, абмен вопытам, кансультацыі, будзе аказваць экспертныя паслугі па распрацоўцы новых законаў. <…..>  Мы будзем займацца тым жа, чым і ўсе дэпутацкія клубы. Былыя і дзейныя дэпутаты абʼядноўваюцца, каб прасоўваць ідэі парламентарызму, усталёўваць міжпарламенцкія кантакты, выступаць у якасці кансультантаў па розных пытаннях, паколькі дэпутаты – людзі вопытныя і гэтак далей. То бок, гэта асветніцкая і кансультатыўная работа», – растлумачыў ганаровы старшыня ТБМ.

БелаПАН