Лябедзька: Гэта першая публічная дыскусія з удзелам прадстаўнікоў рэжыму і апазіцыі



У нашым эфіры са Страсбургу прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справах парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька. Ён прысутнічаў на паседжаннях Парламенцкай Рады Еўропы.

РР: Раскажыце, якія галоўныя аспекты прагучалі?

Анатоль Лябедзька: Скажам так, было горача. Бо гэта дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў рэжыму Беларусі і прыхільнікаў пераменаў. Той бок прадстаўляў Савіных, а мы з Аляксандрам Шлыкам прадстаўлялі, як нам падаецца, інтарэсы пераважнай большасці беларусаў. Можна адзначыць, што гэта першая публічная дыскусія з удзелам прадстаўнікоў рэжыму Беларусі і палітычнай апазіцыі. У гэтым яе адметнасць. У нас было па 12 хвілін. І пытанне, якое было ў павестцы дня, гэта Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі і рэферэндум. Прагучалі натуральна розныя ацэнкі з таго боку і ад нас. Нашае ўражанне, што мы былі ўсё ж больш пераканаўчымі для большасці дэпутатаў, якія прымалі ўдзел у слуханнях. Арганізоўваў гэта Палітычны камітэт. Пасля таго як мы выклалі свае ацэнкі, свае пазіцыі, прагучалі пытанні, заўвагі ад дэпутатаў. На пачатку Савіных заявіў, што мы не прадстаўляем палітычную апазіцыю. І сказаў, што мы “замежныя агенты”. Гэта ўжо расейская тэрміналогія, якую яны спрабуюць прасоўваць у сваіх выступах. І, канешне, мы далі нашае бачанне, чаму Канстытуцыйная рэформа па лякалах Лукашэнкі вядзе ў тупік. Яна нікому не патрэбная, нават самому Лукашэнку. Сказалі пра хібы рэферэндуму і па працэдуры, а па зместу. Прагучала некалькі канкрэтных прапановаў. Перашая была звязана з тым, каб на праект Канстытуцыі новай Беларусі  атрымалі мы заключэнне. І тут была сакратарка Венецыянскай камісіі. І мы ўжо дакладна ведаем, і гэта вялікі поспех усіх нас, што ёсць дарожная мапа. І першы прамежкавы даклад будзе ўжо ў лютым. Затым наступны прамежкавы даклад будзе ў сакавіку, і канчаткова ў чэрвені будзе справаздача, аналіз двух праектаў Канстытуцыі – лукашэнкаўскай і прыхільнікаў перамен. Гэта, відаць, адна з галоўных навін. І нам падаецца, што толькі незалежная прававая экспертыза можа расставіць усе кропкі над “і”.

Яшчэ адна прапанова, якую мы агучвалі,  датычыць таго, каб запусціць супольную групу Рады Еўропы і Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па маніторынгу сітуацыі ў Беларусі. Яна створана, але не запушчана як практычны механізм. І апошняя прапанова, гэта тое, каб была большая камунікацыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы з Парламенцкай Асамблеяй АБСЕ і Еўрапарламента, каб прасоўвалі супольную стратэгію па Беларусі і маглі ініцыяваць перамоўны працэс. Але перамовы з дакладнай павесткай дня – гэта спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя сумленныя выбары па стандартах АБСЕ.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]