Лябедзька перадаў Шуневічу чысты аркуш паперы



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў акцыю салідарнасці з берасцейскім актывістам Аляксандрам Кабанавым і іншымі актывістамі і палітыкамі, якія знаходзяцца за кратамі за 1 траўня.

Аляксандра Кабанава асудзілі да 11 сутак арышту проста за намер выйсці на цэнтральную плошчу Берасця з чыстым аркушам паперы.

Старшыня АГП вырашыў выказаць пратэст асабіста міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу:

— Я наведаў прыёмную МУС і афіцыйна перадаў міністру чысты аркуш. Гэта фармат салідарнасці з Аляксандрам Кабанавым, бо ідэя гэтых чыстых аркушаў належыць менавіта яму. Цяпер ён адседжвае 11 сутак, і таксама сядзяць яшчэ некалькі берасцейцаў. Па ўсёй Беларусі, па маіх падліках сядзяць каля 10 чалавек, якія пасля акцыі 1 траўня трапілі за краты.

«Усе яны затрыманыя абсалютна безпадстаўна», — падкрэслівае палітык. Па словах Анатоля Лябедзькі, ён хоча прыцягнуць увагу да той ганебнай тактыкі ўладаў: кропкава біць па палітыках і актывістах, якія  арганізоўваюць і ўдзельнічаюць у масавых акцыях пратэсту грамадзян.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя