Лябедзька заявіў, што не будзе вылучацца на пасаду старшыні АГП



Цяперашні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька не плануе вылучацца на пасаду кіраўніка партыі падчас сённяшняга з’езда. Пра гэта старшыня АГП заявіў журналістам 8 ліпеня.

Як адзначыў палітык, яго ўдзел у партыйных дэбатах, якія прайшлі напярэдадні з’езда, не сведчыў пра тое, што ён будзе балатавацца на чарговы тэрмін.

Выступаючы сёння на з’ездзе, Лябедзька выказаў надзею, што кіруючая каманда АГП захаваецца, а ў партыі будзе пераемнасць.

Пра свае намеры вылучацца на пасаду старшыні АГП да з’езда заяўлялі цяперашні кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька, яго намеснікі Васіль Палякоў і Мікалай Казлоў, а таксама кіраўнік партыйнай камісіі па працы з прадпрымальнікамі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Аднак 7 ліпеня Канапацкая заявіла аб зняцці сваёй кандыдатуры на выбарах старшыні АГП. „Больш за паўгода таму я абвясціла пра сваё рашэнне балатавацца на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У мяне былі ідэі і канкрэтныя меры, як дамагчыся магутнага развіцця нашай палітычнай арганізацыі, павялічыць яе вагу ў палітычных працэсах у Беларусі”, — напісала яна.

Найбольш верагодным прэтэндэнтам на лідарства ў самой партыі сёння называюць цяперашняга намесніка старшыні АГП Юрыя Палякова.

belapan.by