Лявон Баршчэўскі: Ва ўлады перабольшаныя страхі



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавядае, хто давёў напружанасць у грамадстве да таго стану, што ёсць сёння: апазіцыя, ўлады ці прарасейскія сілы?

Напярэдадані Дня Волі беларускія навіны нагадваюць “паведамленні з франтоў” – амаль тры сотні затрыманых чалавек за апошні час, пастаянныя арышты, затрыманні і збіцці, нейкія машыны са зброяй, якія прарываліся з Украіны, але затым аказваецца, што не з Украіны… Тым часам, ужо сёння па цэнтры сталіцы міліцыя ходзіць з аўтаматамі, бо “неспакойная сітуацыя”. Хто ж яе нагнятае?

Лявон Баршчэўскі: Тое, што апазіцыя тут невінаватая, гэта дакладна, таму што ў сілу тых абставін, што склаліся, яна была дастаткова слабая напярэдадні Дня Волі. Улада хутчэй баіцца не тытульнай апзіцыі, а стыхійнага выхаду людзей, і тады яна не зможа кантраляваць сітуацыю. Гэта, думаю, перабольшаныя страхі, але тут яшчэ накладаецца ідэалагічны момант. Ніяк улада не змірыцца з тым, што 25 сакавіка – гэта важны дзень для нашай гісторыі. Відаць, не любяць гэтага і куратары сённяшняй беларускай улады ў Маскве. Журналісты ўжо не раз пісалі, што ў нас Дзень Волі амаль заўсёды пераўтвараецца ў Дзень Няволі. А зараз сітуацыя склалася такая, што і напярэдадні сотні чалавек ужо пабывалі за кратамі, а многія там і застаюцца. Гэта чарговае вясновае абвастрэнне, але з пэўным эканамічным падтэкстам.

РР: Паказаць Крамлю, як у Беларусі ваююць з нацыяналістамі і атрымаць танныя нафту і газ?

Лявон Баршчэўскі: Так, трэба ж у любым выпадку паказаць, як улады прасоўваюць у краіне “русский мир”. А вы за гэта давайце нам нафтагазавыя прэферэнцыі. Шчыра кажучы, даволі наіўнае пажаданне, але тыя эксперты, што так мяркуюць, у нечым маюць рацыю.

РР: А ці маюць уплыў на сітуацыю нейкія прарасейскія сілы?

Лявон Баршчэўскі: Як такіх прарасейскіх сіл у Беларусі няма, бо прарасейская сама ўлада, якая ўсё кантралюе. І канкурэнцыі на гэтым полі ёй няма. Улады ж пастаянна заяўляюць, што больш прарасейскіх, чым яны, няма, а таму давайце нам грошы. Але тыя прарасейскія лозунгі, якімі карыстаецца ўлада, знікнуць адразу ж пасля таго, як зменіцца сітуацыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя