Людзі стыхійна выйшлі ў розных гарадах Беларусі



Каля тысячы чалавек выйшлі на стыхійную акцыю пратэсту ў цэнтры Менска. 

Грамадзяне таксама выйшлі на акцыі пратэсту на вуліцы Гародні, Берасця, Гомеля, Магілёва, Маладэчна, акцыі адбываліся таксама ў Наваполацку і Пружанах.

У розных гарадах былі затрыманыя журналісты: у Менску – Міхаіл Ільін і Арцём Маёраў („Еўрарадыё”), Алесь Пілецкі і Андрэй Рабчык („Радыё Свабода”), Кацярына Андрэева („Белсат”), пазаштатны карэспандэнт газеты „Новы Час” Арцём Лява, аператар BBC Эндзі Сміт. У Гомелі затрыманыя  Надзея Пужынская „Сильные Новости”, Марына Драбышэўская і Юрый Глушакоў. 

Таксама праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні ў Менску, Гомелі, Пружанах, Берасці, Бабруйску і Салігорску.

На ўчастку ад цырка да плошчы Перамогі стаялі як мінімум пяць аўтазакаў, аўтобус і некалькі мікрааўтобусаў. З іх перыядычна выходзілі супрацоўнікі АМАПа ў форме і сілавікі ў цывільным. Яны падыходзілі да людзей, якія мірна стаялі, бралі іх пад рукі і вядуць у аўтазакі. Людзі не супраціўляліся, некаторыя цікавіліся, на якой падставе іх затрымліваюць.

Пад’езды да цэнтру былі перакрытыя міліцыяй, не працавалі станцыі метро ў цэнтры. Людзі шпацыравалі ўздоўж праспекту Незалежнасці, апладзіравалі і скандавалі. Машыны, якія ДАІ не пускала ў цэнтр, сігналілі. Распавёў адзін з удзельнікаў пратэстаў:

– Мы абураныя тым, што адбываецца. Гэта жахліва, гэта бяспраўна. Мы адчуваем сябе вельмі пакрыўджанымі. Бачым, колькі шмат людзей сабралася, гэта вельмі цешыць. Людзі па-добраму настроеныя, але гэта ўлада паказала, што па-добраму ўжо нельга ніяк.

14 ліпеня ЦВК праводзіла рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Не зарэгістраваныя ключавыя ўдзельнікі кампаніі — Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала.

Пасля таго як у некаторых тэлеграм-каналах з’явіўся анонс акцыі пратэсту, прэс-служба МУС распаўсюдзіла зварот да грамадзян з заклікам „не паддавацца на правакацыі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

[manual_related_posts]