Макей: Ідзе праца над эканамічнай часткай праграмы візіту Лукашэнкі ў Аўстрыю



Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю адбудзецца 12 лістапада, паведаміў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 21 кастрычніка ў Берліне на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком МЗС Германіі Хайка Маасам.

Такім чынам, Макей зноў пацвердзіў інфармацыю пра візіт, якую ён агучыў 17 кастрычніка ў інтэрв’ю БелаПАН, tut.by, nn.by, беларускай службе „Радыё Свабода” і „Еўрапейскаму радыё для Беларусі”.

„Былі запрашэнні нашаму прэзідэнту з некалькіх краін Еўрапейскага Звяза, у тым ліку з Аўстрыі. Думаю, ужо былі адпаведныя паведамленні ў СМІ, што гэты візіт запланаваны на 12 лістапада. Мы знаходзімся ў цесным кантакце з аўстрыйскімі партнёрамі. Мы разам працуем над эканамічнай часткай праграмы. Пройдуць адпаведныя перамовы прэзідэнтаў. Мы рыхтуемся да гэтага візіту”, — сказаў Макей на нямецкай мове (пераклад БелаПАН).

„Гэта вельмі цікавая краіна, — адзначыў Макей 17 кастрычніка ў інтэрв’ю недзяржаўным СМІ, кажучы пра Аўстрыю. — У нас прыблізна 200 мільёнаў долараў тавараабароту. Сёлета крыху экспарт знізіўся з-за розных абставін. Але, тым не менш, ёсць цікавыя перспектыўныя напрацоўкі і праграмы. Мы плануем правесці і сустрэчу прадстаўнікоў беларускага і аўстрыйскага бізнесу ў межах гэтага візіту. Перакананы, што гэты візіт, акрамя працягу палітычных, гуманітарных кантактаў, прынясе і канкрэтныя эканамічныя дывідэнды. Таму мы зараз актыўна займаемся падрыхтоўкай да гэтага візіту”.

Сёлета 28—29 сакавіка Беларусь наведаў канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц, 29 чэрвеня мінулага года — прэзідэнт краіны Аляксандр Ван дэр Белен.

belapan.by