Макей: Мы паступова пашыраем пазітыў паміж Беларуссю і Захадам



Як заявіў у размове з журналістамі ў Менску міністр замежных спраў Уладзімір Макей, бягучыя стасункі Менска і Захаду дазваляюць спадзявацца на паступовую адмену ўсіх санкцый супраць Беларусі ў найбліжэйшай перспектыве.

– Трэба рухацца паступова. Я не магу адказаць, калі канчаткова будуць адменены ўсе санкцыі. Як вы ведаеце, засталося толькі некалькі мераў, якія існуюць адносна Беларусі. Я лічу, што рухаючыся паступова, крок за крокам наперад, мы вырашым усе пытанні, якія звязаныя з адменай санкцый.

Цяперашні стан адносін Менска і Брусэля міністр ахарактарызаваў як прыязны.

– Думаю, вынікі нашага ўзаемадзення з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, з нашымі амерыканскімі партнёрамі пацвярджаюць той факт, што сёння мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ўсе бакі імкнуцца да паступовага расшырэння той пазітыўнай атмасферы, якая існуе паміж Беларуссю і нашымі партнёрамі.

Уладзімір Макей узяў удзел у працы форума па рэгіянальнай бяспецы, які адкрыўся 23 траўня ў Менску. Арганізатар мерапрыемства – экспертная ініцыятыва «Менскі дыялог». 24 траўня праца форуму пачнецца з выступу Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя