Макей: Паміж Расеяй і Захадам адназначна неабходны дыялог



Паміж Расеяй і Захадам адназначна неабходны дыялог, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 2 чэрвеня журналістам у Менску.

«Я думаю, нам не патрэбная сёння бескантрольная гонка ўзбраенняў, якая прывядзе толькі да павелічэння нестабільнасці ў нашым рэгіёне. Нам хопіць ужо тых канфліктаў, якія маюцца. Дай Бог, хоць бы з імі справіцца ў найбліжэйшы час», — сказаў Макей.

Адказваючы на пытанне, як адносіны Расеі і Захаду ўплываюць на Беларусь, Макей адзначыў, што «цяжка балансаваць, калі бакі настолькі далёка зайшлі ў нейкай ваяўнічай рыторыцы, у абвінавачаннях адзін супраць аднаго».

«Але мы не збіраемся балансаваць на карысць таго ці іншага боку. Мне падабаецца гэтая назва, што Беларусь павінна быць мостам паміж Усходам і Захадам, — сказаў Макей. — Проста зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў, мы спрабуем прапанаваць ідэі, якія дапамаглі б выбудоўванню нармальнага дыялогу паміж рознымі апанентамі. Трэба адыходзіць ад ваяўнічай рыторыкі, трэба выбудоўваць большы давер адзін да аднаго і на гэтай аснове будаваць адносіны».

Гаворачы пра планаваную на 4—5 чэрвеня рабочую паездку ў Маскву і сустрэчы з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым, Макей адзначыў: «Мы будзем рэальна ацэньваць сітуацыю, што адбываецца на нашых заходніх межах, мы не можам абысці гэта ўвагай. Я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што мы не павінны зыходзіць з нейкіх гіпатэтычных высноваў ці наяўнасці гіпатэтычных пагроз і выклікаў. Мы павінны рэальна ацэньваць сітуацыю і прымаць адэкватныя меры рэагавання. Але нават калі існуюць нейкія супярэчнасці і непаразуменні ў сферы ваеннай бяспекі (паміж Расіяй і Захадам. — БелаПАН.), то адзіным выхадам з гэтай сітуацыі з’яўляецца наяўнасць прамога кантакту паміж бакамі».

Макей адзначыў, што будзе таксама абмяркоўваць з Лаўровым крокі, якія могуць быць распачатыя „па нівеліраванні тых негатыўных наступстваў, якія могуць адбыцца”.

БелаПАН