Макей: Пра ўваходжанне ў склад нейкіх дзяржаў не можа быць гаворкі



Беларусь не збіраецца ўваходзіць у склад якіх-небудзь дзяржаў, заявіў ТАСС міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, каментуючы словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што эканамічныя праблемы могуць прывесці да страты незалежнасці краіны.

Што тут каментаваць, рэчы ляжаць на паверхні. Прэзідэнт Беларусі шмат разоў казаў, што незалежнасць і суверэнітэт — гэта святое, дзеля гэтага варта жыць і працаваць на карысць краіны і народа, — сказаў Макей. — Што тычыцца нейкіх магчымых уступленняў і ўваходжанняў у склад нейкіх дзяржаў, то пра гэта не можа быць і гаворкі„.

На думку Макея, кіраўнік дзяржавы проста гіпатэтычна выказаў здагадку, што „магло б здарыцца, калі эканоміка будзе падаць, пагаршацца дабрабыт краіны”. „Усё залежыць ад нас, ад кожнага канкрэтнага чалавека, а кіраўнік дзяржавы такім чынам абмаляваў перспектывы, да якіх мы не імкнемся„, — заявіў Макей.

Паводле слоў міністра, што тычыцца стасункаў Беларусі з іншымі краінамі, то „мы будзем умацоўваць нашы адносіны з Расеяй, адначасова ўмацоўваць адносіны з заходнім вектарам, які для нас таксама выключна важны„.

22 чэрвеня на нарадзе ў Шклоўскім раёне Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што эканамічныя праблемы могуць абярнуцца канфліктам. „Мы на фронце. Не вытрымаем гэтыя гады, якія правалілі, значыць, трэба будзе або ў склад якой-небудзь дзяржавы ісці, або аб нас проста будуць выціраць ногі. А не дай бог, развяжуць яшчэ вайну, як ва Украіне„, — заявіў Лукашэнка у сюжэце, які быў паказаны па тэлеканале ОНТ.   БелаПАН