Макей правёў перамовы са спецыяльным дарадцам прэм’ер-міністра Японіі



22 чэрвеня ў Менску адбылася сустрэча міністра замежных спраў Уладзіміра Макея са спецыяльным дарадцам прэм’ер-міністра Японіі Кентарам Санаурам, які знаходзіцца ў Менску для ўдзелу ў мерапрыемствах II Еўрапейскіх гульняў.

„Падчас сустрэчы бакі выказалі гатоўнасць да актывізацыі ўзаемадзеяння для забеспячэння больш поўнай рэалізацыі патэнцыялу супрацоўніцтва Беларусі і Японіі ў палітычнай, гуманітарнай і эканамічнай сферах”, — паведамляе прэс-служба МЗС.

Міністр замежных спраў выказаў падзяку за шматгадовую дапамогу, якую японскі бок аказвае Беларусі ў справе мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Санаура пацвердзіў гатоўнасць японскага боку да пошуку перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з Беларуссю. У Японіі высока цэняць падтрымку, якую Беларусь аказала пасля аварыі на АЭС „Фукусіма-1”, адзначыў ён.

belapan.by