Макей узначаліць беларускую дэлегацыю на 74-й сесіі Генасамблеі ААН



Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыме ўдзел у 74-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, якая адкрылася 17 верасня ў Нью-Ёрку. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі – прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

„Агульная дыскусія з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў пачнецца 24 верасня і завершыцца 30 верасня. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей”, – расказаў Анатоль Глаз.

Візіт кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі ў Нью-Ёрк плануецца 22-29 верасня. Чакаецца, што Уладзімір Макей прыме ўдзел у некалькіх мерапрыемствах высокага ўзроўню. У іх ліку палітычны форум па ўстойлівым развіцці, канферэнцыя па садзейнічанні ўступленню ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў і спецыяльнае пасяджэнне з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі.

Пад старшынствам Беларусі пройдзе пятая міністэрская сустрэча Групы сяброў, якія аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі. У ёй прымуць удзел высокія прадстаўнікі 23 дзяржаў і кіраўнікі Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, структуры „ААН-жанчыны”, арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Запланаваны ўдзел Уладзіміра Макея ў традыцыйных сустрэчах міністраў замежных спраў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, Руху недалучэння. Сумесна з кіраўніком Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімірам Варанковым запланаваны брыфінг па выніках нядаўна праведзенай у Мінску міжнароднай контртэрарыстычнай канферэнцыі.

Міністр замежных спраў Беларусі сумесна з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым адкрые фотавыстаўку, прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння Андрэя Грамыкі. Таксама Уладзімір Макей выступіць на пасяджэнні высокага ўзроўню Савета Бяспекі ААН, прысвечаным ролі супрацоўніцтва ААН з рэгіянальнымі арганізацыямі ва ўмацаванні міру і бяспекі.

Як раней заявіў старшыня 74-й сесіі Генасамблеі пастаянны прадстаўнік Нігерыі пры ААН Тыджані Мухамад-Бандэ, прыярытэтнымі будуць пытанні ліквідацыі беднасці і голаду, забеспячэння адукацыі і барацьбы са змяненнем клімату.

belta.by