Макей заклікаў працягнуць дыялог і супрацу з Еўразвязам



Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заклікаў Брусэль і еўрапейскія сталіцы працягнуць лінію на дыялог і супрацу з Менскам у двухбаковым і шматбаковым фарматах.

Пра гэта кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заявіў 9 чэрвеня на штогадовай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін — сяброў Еўрапейскага Звязу і краін — удзельніц ініцыятывы ЕЗ «Усходняе партнёрства» ў Люксембургу.

Паводле беларускага МЗС, Макей прывёў факты, якія пацвярджаюць выніковасць палітыкі ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕЗ.

«Заклікаў Брусэль і еўрапейскія сталіцы працягнуць лінію на дыялог і супрацоўніцтва з Менскам у двухбаковым і шматбаковым фарматах. Са шкадаваннем Макей канстатаваў факты вываду праблем у двухбаковых адносінах з некаторымі краінамі — членамі ЕЗ на шматбаковыя пляцоўкі. У гэтым кантэксце згадаў пытанне будаўніцтва Беларускай АЭС, факты адмовы ў далучэнні Беларусі да некаторых канвенцый Рады Еўропы. Адзначыў контрапрадуктыўнасць выкарыстання прынцыпу салідарнасці ў ЕЗ для аказання ціску на трэція краіны», — сказалі ў прэс-службе МЗС.

Макей выказаўся за захаванне і развіццё «Усходняга партнёрства» як ініцыятывы, нацэленай на атрыманне канкрэтных практычных вынікаў. Ён агучыў шэраг прапаноў беларускага боку ў справе падрыхтоўкі да саміту «Усходняга партнёрства» ў Брусэлі 24 лістапада.

Кіраўнік МЗС Беларусі ўзяў таксама ўдзел у асобнай сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін «Усходняга партнёрства» з высокім прадстаўніком ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі, віцэ-старшынёй Еўрапейскай камісіі Фэдэрыка Магерыні і еўрапейскім камісарам па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэньні ЕЗ Ёганэсам Ганам.

«Асноўная ўвага на мерапрыемстве аддадзена абмеркаванню вайскова-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне, тэматыцы процідзеяння глабальным пагрозам, уключаючы тэрарызм, кіберзлачыннасць і кліматычныя змены», — паведамляе МЗС.

Уладзімір Макей правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам еўрапейскіх структур і міністэрстваў замежных спраў краін ЕЗ і краін «Усходняга партнёрства».

svaboda.org