Максім Руст пра вайну, рэферэндум, Беларусь і Лукашэнку



Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскаму тэлевядучаму Уладзіміру Салаўёву заявіў пра гатовасць Беларусі да вайны на мяжы з Польшчай з-за магчымых дзеянняў NATO. Пры гэтым эксперты агучваюць лічбу 70% ад неабходнага для наступлення ў дачыненні да колькасці ваеннай тэхнікі Расеі, што сабралася на мяжы з Украінай. На гэтым фоне сама ідэя Рэферэндуму ў Беларусі выглядае малазначнай, хаця размова ідзе пра змену Асноўнага закону краіны, паводле якога і рэгламентуецца жыццё беларускага грамадства.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – палітычным аналітыкам і выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэту Максімам Рустам пра тое, дзе і калі пачнецца вайна Расеі з Украінай, якую ролю ў сітуацыі зможа адыграць Польшча, што чакае надалей Беларусь і што хацеў сказаць Лукашэнка Салаўёву пра далейшы лёс краіны.

РР: Прайшло інтэрв’ю з Салаўёвым. Хто яго асноўны атрымальнік? Чаго нам чакаць?

Мне падаецца, што тут увогуле не трэба неяк спецыяльна аналізаваць. Гэта было дзве гадзіны прапагандысцкага тэксту. Я думаю, што нічога новага мы не пачулі. Яно ўпісваецца ў той кантэкст, як інтэрв’ю, якое было раней дадзена расейскаму прапагандысту Кісялёву. Я думаю, што такія інтэрв’ю яшчэ будуць паўтарацца. Пра галоўную думку таксама вельмі цяжка сказаць, але мне падаецца, што асноўнае гэта больш скіраванае на ўнутраны расейскі рынак таму, што было вельмі шмат пра інтэграцыю, пра тое, што трэба інтэгравацца з Расеяй. Таксама можа менш для міжнароднай супольнасці і ў большай ступені для беларускай грамадскасці ў краіне. Тут два асноўныя моманты. Першае, гэта адказ на цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, гэта звязана перадусім і з падрыхтоўкай да канстытуцыйнага рэферэндуму. З іншага боку я выразна адчуваю жаданне беларускага афіцыйнага боку перакрэсліць, ужо скончыць гэтае пытанне 2020 году, таму гэтыя супольныя вайсковыя вучэнні з Расеяй, плюс рэферэндум я думаю, яны на гэта паказваюць.

РР: На ваш пункт гледжання, наколькі законным будзе рэферэндум?

– Тут два моманты. Першае пытанне законнасці ўвогуле гэтага рэферэндуму. Ён вельмі актыўна абмяркоўваецца, але я думаю тут трэба выходзіць з таго, з якога пункту гледжання мы на ўсё гэта глядзім. Калі міжнародная супольнасць у большасці трымаецца падыходу, што ўлады Беларусі не легітымныя, то ў прынцыпе ці рэферэндум адбудзецца, ці ён не адбудзецца, гэта ў юрыдычнай плоскасці не мае мае вялікага значэння. Не можа быць прызнаная ніякая выбарчая кампанія, якая праводзіцца ўладамі, што лічацца не легітымнымі. Але думаю, што ў гэтай сітуацыі больш трэба адштурхоўвацца ад рэчаіснасці фактаў у самой Беларусі. Я думаю, што рэферэндум усё ж такі будзе праведзены. Пытанне застаецца ў кантэксце рэферэндуму і змены беларускай Канстытуцыі. Самі ўлады Беларусі прызнаюць легітымнасць гэтага рэферэндуму і тут я думаю, што зараз усё ж такі больш знакаў паказвае на тое, што рэферэндум аднак адбудзецца. Але я не выключаю той сітуацыі, што самі ўлады ацэньваючы ўсё тое, што адбывалася на пачатку гэтага году ў Казахстане, могуць таксама пайсці на такі крок, што скажуць, рэферэндум быў праведзены, але напрыклад не сабралася неабходная колькасць людзей, якія могуць у гэтым рэферэндуме галасаваць. Будзе такі мэсэдж, што беларусы вырашылі, што мы застаемся пры мінулай Канстытуцыі.

РР: Што рабіць у Беларусі? Ісці? Калі ісці, то што рабіць з бюлетэнем?

– Тут няма адзінага добрага рашэння. Мы на іншых нашых дыскусіях, размовах з партнёрамі вельмі часта гэтае пытанне абмяркоўвалі. Яно таксама абмяркоўваецца ў сеціве вельмі актыўна. Мне падаецца добры момант у тым, што большасць дэмакратычных сілаў у Беларусі дамовіліся, як сябе ў гэтай сітуацыі весці. Калі пайсці на рэферэндум і галасаваць, як прапанавалі дэмакратычныя сілы. Мне падаецца важна, што зараз няма такіх размоў пра нейкі афіцыйны байкот. Байкот, калі твой голас не палічаць, то я думаю і так усе ведаюць. Але гэта ў сучаснай беларускіх рэаліях было б выразам апатычнага моманту. Я думаю, калі людзі ідуць і галасуюць, каб бюлетэні былі нядзейсныя, гэта магчымасць у дадзеных умовах неяк яшчэ паспрабаваць падтрымаць гэты ўздым, які цягнецца ад 2020 года.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]