Малдова адмовілася ўдзельнічаць у місіі назіральнікаў ад СНД



Малдова адмовілася ўключаць сваіх прадстаўнікоў у склад місіі назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання, паведаміў журналістам 25 верасня ў Менску кіраўнік штаба місіі, першы намеснік старшыні Выканкама СНД Віктар Гумінскі.

«Мы атрымалі ноту аб тым, што прадстаўнікоў Малдовы не будзе, паколькі ў іх ёсць палітычнае рашэнне аб няўдзеле ў працы місіі назіральнікаў ад СНД, – сказаў ён. – Але па лініі ЦВК, наколькі мы ведаем, прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Малдова будуць браць удзел у назіранні».

Паводле слоў Гумінскага, «вельмі вялікую зацікаўленасць» у назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў рамках місіі ад СНД праявілі прадстаўнікі рэгіёнаў Расеі, Казахстана і шэрагу іншых краін.

«Вядома, можа ўзнікнуць пытанне пра Украіну, – адзначыў кіраўнік штаба місіі. – Хачу сказаць, што мы не накіроўвалі запрашэнне ў іх Міністэрства замежных спраў, таму што Украіна ў 2015 годзе выйшла з пагаднення аб удзеле ў назіранні за правядзеннем выбараў і рэферэндумаў у краінах – удзельніцах СНД».

Гумінскі паведаміў, што акрэдытавана 60 членаў місіі ад СНД, з іх 45 назіраюць за кампаніяй на доўгатэрміновай аснове. Сярод акрэдытаваных назіральнікаў, паводле яго слоў, у тым ліку тры супрацоўнікі пастаяннага прадстаўніцтва РФ і 12 чалавек ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі з офіса ў Маскве.

Усяго ў назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі місія ад СНД плануе задзейнічаць больш за 400 чалавек, у тым ліку каля 50 доўгатэрміновых назіральнікаў.

«У складзе нашай місіі ў цэлым будуць прадстаўнікі непасрэдна краін – удзельніц СНД, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі, Выканаўчага камітэта Садружнасці», – сказаў Гумінскі.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН