Малдова: хто перамог на парламенцкіх выбарах?



У Малдове завяршаецца падлік галасоў на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі 24 лютага.

Пасля апрацоўкі 95% пратаколаў па партыйных спісах наперадзе партыя сацыялістаў, яна набрала 31,75% галасоў. 

Аналітыкі адзначаюць, што прарасейская партыя сацыялістаў набрала намнога менш галасоў, чым спадзявалася. 

ЦВК Малдовы паведамляе, што блок ACUM („Зараз”) набраў 25,26%, у кіроўнай цяпер Дэмакратычнай партыі – 24,48 % галасоў. Партыі, якія занялі другое-трэцяе месцы праеўрапейскай арыентацыі. За іх прагаласавала бальшыня сельскіх раёнаў. Сацыялістаў падтрымалі вялікія гарады, дзе жыве шмат выхадцаў з Расеі. 

Партыя „Шор” набрала 8,55%. Апошняя – гэта партыя бізнесоўца Ілана Шора.

Іншыя партыі не здолелі перайсці парог 6% і не будуць прадстаўлены ў парламенце. Пры тым аніводная з партый, што трапілі туды, не набрала дастатковай колькасці галасоў для самастойнага фармавання парламенцкай бальшыні.

 У Малдове галасаванне ўпершыню прайшло па змешанай выбарчай сістэме – 50 чалавек па партыйных спісах, 51 – па аднамандатных акругах. Парогу адсотку прыходу выбарцаў на дзяльніцы ў заканадаўстве няма.

Беларускае Радыё Рацыя