Малгажата Гасеўска: Польшча не будзе згаджацца на парушэнне правоў чалавека



У польскім парламенце адбыліся дэбаты над выступам міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. Ад імя партыі «Права і Справядлівасць» слова мела Малгажата Гасеўска. Дэпутат зазначыла, што Польшча заўважае пазітыўныя змены ў Беларусі. На думку прадстаўніка кіроўнай большасці, Лукашэнка не падтрымлівае дзеянняў Пуціна ва Украіне, а ўвядзенне з расейскага боку кантролю на мяжы з Беларуссю таксама з’яўляецца важным сведчаннем. Тым не менш, дэпутат адзначыла, што Беларусь – вельмі цяжкі партнёр, і таму немагчыма сказаць, наколькі трывалымі акажуцца «пазітыўныя моманты». Адначасова Малгажата Гасеўска дадала, што Варшава не павінна выконваць усіх жаданняў Менска.

Яшчэ нядаўна партыя «Права і Справядлівасць» вызначалася бескампраміснай пазіцыяй у адносінах да рэжыму ў Беларусі. Цяпер жа візіты польскіх урадоўцаў у палац Лукашэнкі сталі звычайнай справай. У каментары для Радыё Рацыя дэпутат патлумачыла змену поглядаў сваёй партыі.

Малгажата Гасеўска: Перадусім трэба памятаць, што Беларусь – гэта наш сусед. Гэта быў дрэнны спосаб, калі мы гадамі не мелі ніякіх афіцыйных адносінаў з Беларуссю, бо так выглядала палітыка. Спачатку я таксама падтрымлівала такія дзеянні, я моцна ангажавалася ў падтрымку апазіцыі, Плошчы ў Менску, прыязджала на арганізаваныя там маніфестацыі. Гэта быў перыяд санкцыі, мы самыя выступалі, каб Еўразвяз увёў санкцыі. Тады гэта было добрае рашэнне, але з вышыні гадоў аказалася, што яно не было эфектыўным. Усё ж такі, мы павінны размаўляць, і такім чынам уплываць на палітыку ў Беларусі.

Пацяпленне – так, але не коштам  апазіцыі, не коштам правоў чалавека. Мяне ведаюць як барацьбіта за правы чалавека, ці гэта датычыць Беларусі, ці Украіны, Грузіі, ці да нядаўняга часу Польшчы. Думаю, што рэпрэзентуючы «Права і Справядлівасць» у дэбатах я ў нейкай ступені магу выступаць гарантам таго,  што наша пацяпленне адносінаў з Беларуссю не азначае, што мы будзем згаджацца на парушэнне правоў чалавека. Будзем дамагацца належных правоў для апазіцыі ў Беларусі.

РР: Спадарыня Малгажата, у сваёй прамове ў Сейме Вы сказалі, што спецслужбы заходніх краінаў, у тым ліку Польшчы, павінны даваць адпор расейскай прапагандзе як элементу гібрыднай вайны. Чаму тады Польшча адмаўляецца ад падтрымкі тэлеканала “Белсат”, якая тут логіка?

— Польшча не адмаўляецца ад падтрымкі, але МЗС вымушаны абмежаваць гэтую падтрымку. Абмяжоўвае настолькі, каб тэлеканал мог утрымацца, каб журналісты, якія ў сваёй працы шматразова рызыкавалі нават жыццём, у кожным разе, моцна рызыкавалі, каб яны далей маглі быць на працы. Людзі, звязаныя з тэлеканалам, мелі б шанец распрацоўкі такой мадэлі, каб не толькі МЗС фінансаваў гэта тэлебачанне. Тут трэба задумацца над нейкім больш шырокім фарматам і знаходжаннем дадатковых сродкаў.

МЗС аказаўся ў складанай сітуацыі. У нас ёсць г. зв. праблемаў уцекачоў, міграцыі. Польшча не хоча ўпусціць г.зв. уцекачоў, мігрантаў з Поўдня, бо мы дбаем пра бяспеку польскіх грамадзянаў, але мы не можам адвярнуцца ад гэтае праблемы. І таму мы адкрытыя на вырашэнне праблемаў там, дзе яны ўзнікаюць, то бок, дапамога канкрэтным людзям у месцах, дзе яны знаходзяцца , каб яны не павінны былі перажываць драматычную дарогу ў Еўропу. На гэта патрэбныя сродкі з дапамогі на развіццё, а менавіта гэтая дапамога была галоўным інстытутам, які фінансаваў “Белсат”. Часам трэба зрабіць складаны выбар.

РР: Але ў Беларусі гэта ўспрымаюць перадусім як вынік гандлю з Лукашэнкам…

— Гэта не гандаль з Лукашэнкам. Мы ўсведамляем, што нашая спроба нармалізаваць адносіны з Беларуссю будуецца на крохкіх падставах, але мы спрабуем. Паглядзім, колькі ўдасца з гэтага праекта.

РР: На пацверджанне Вашага тэзісу можна ўзгадаць, што нядаўна ў Варшаву прыязджалі чальцы Палаты Прадстаўнікоў, якія заяўлялі, што “Белсат” нам не перашкаджае, то бок, не перашкаджае рэжыму Лукашэнкі. У такім разе, каму ён перашкаджае, і ці не выключаеце Вы таго, з чым зрэшты пагадзілася дырэктар тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы,  гэтае рашэнне магло быць інспіравана расейцамі?

— Яшчэ раз падкрэсліваю: мы не ліквідуем “Белсат”. У Польшчы гэтае тэлебачанне заўсёды цешылася вялікай падтрымкай у маёй палітычнай фармацыі, гэта ж мая фармацыя так напраўду стварала гэтае тэлебачанне…

РР: … тым больш гэта здзіўляе.

— Мы гаворым пра тое, каб знайсці іншых донараў. І мы пра гэта думаем.

Нагадаем, што месяц таму Міністэрства замежных спраў папярэдзіла пра скасаванне дамовы на фінансаванне тэлеканала “Белсат”, пра што стала публічна вядома на пачатку лютага. Згодна з гэтым, падтрымка беларускага тэлеканала польскім урадам мае скончыцца напрыканцы гэтага года.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава