Манчэстэрскі тэрарыст некалькі дзён таму прыехаў з Лівіі



Жыхар Манчэстэра Салман Абэдзі, які падазраецца ў здзяйсненні выбуху падчас канцэрта, вярнуўся з Лівіі за некалькі дзён да тэракту.

Як стала вядома Бі-бі-сі, Абэдзі прыехаў у Англію з-за мяжы ў апошнія дні перад нападам.

Меркаваны тэрарыст-смяротнік вярнуўся з Лівіі, удакладняе газета Times. Школьны сябар Абэдзі, распавёў выданню, што Абэдзі з’ехаў туды тры тыдні таму і вярнуўся за некалькі дзён да выбуху.

Напярэдадні паліцыя паведаміла, што падазраваны ў здзяйсненні выбуху 22-гадовы малады чалавек нарадзіўся ў Манчэстэры, а яго сям’я была родам з Лівіі.

Паліцыя і спецслужбы спрабуюць высветліць, ці прайшоў ён падрыхтоўку ў лівійскім лагеры джыхадыстаў, дзе дзейнічаюць «Ісламская дзяржава» і «Аль-Каіда», піша Times.

«Ісламская дзяржава» напярэдадні ўзяла на сябе адказнасць за тэракт на «Манчэстэр Арэне».