Маршалак польскага Cената распавёў польскім журналістам пра візіт у Беларусь



Маршалак сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі па вяртанні  ў Варшаву з паездкі ў Менск даў брыфінг польскім журналістам. Маршалку ў прыватнасці давялося пракаментаваць, чаму ён назваў Аляксандра Лукашэнку цёплым чалавекам на фоне працяглага пераследу ўладамі беларускай апазіцыі.

— Я не сказаў, што гэта цёплы палітык, толькі, што наша размова была прыемная і мілая, бо яна такой была. Мы закранулі шмат важных праблем для Польшчы і Беларусі і для нашых узаемных дачыненняў. Таксама для беларускай апазіцыі, Польшча падтрымлівала развіццё дэмакратыі ў Беларусі і надалей будзе падтрымліваць. Нашы ўзаемадачыненні з Беларуссю — натуральныя з’ява, бо Еўропа таксама хоча мець добрыя дачыненні з Беларуссю.  

А добрыя польска-беларускія стасункі ў сваю чаргу служаць захаванню суверэнітэту Польшчы, выказаў думку Станіслаў Карчэўскі, які адзначыў, што прыезд у Менск быў для наладжвання стасункаў неабходным:

— Мы павінны і мусім весці дыялог, які вядзе да добрых рашэнняў на карысць Польшчы і Беларусі. Я размаўляў з апазіцыяй і правёў вельмі уважлівы аналіз працы апазіцыі і іх намераў. Гэты візіт быў таксама добрым рашэннем і для апазіцыі.

5-6 снежня Беларусь з рабочым візітам наведала Парламенцкая дэлегацыя Польшчы на чале са старшынёй сената Станіславам Карчэўскім. Кіраўнік польскага сената быў запрошаны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Карчэўскі сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, а таксама старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам ды прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Беларускае Радыё Рацыя