Маршалак польскага Сейму сыходзіць у адстаўку



Маршалак польскага Сейму Марэк Кухціньскі заявіў, што ў пятніцу, 9 жніўня, складзе з сябе спікерскія абавязкі. Гэтыя словы прагучалі падчас сённяшняга аб’яўлення для прэсы.

Сітуацыя стала вынікам палітычнага скандалу ў Польшчы, звязанага са шматлікім выпадкамі выкарыстання ўрадавага самалёта маршалкам Кухціньскім для палётаў у родныя мясціны, горад Жэшаў. Таксама выявіліся факты, калі ўрадавым самалётам у статусе “head” лёталі чальцы сям’і маршалка ды іншыя палітыкі кіроўнай партыі “Права і справядлівасць”.

Паслухаем словы маршалка:

– Інфармую, што заўтра збіраюся падаць у адстаўку з пасады маршалка Сейму, якую мне даверылі 12-га лістапада 2015 года. Хацеў пры гэтым заўважыць, што падчас сваёй дзейнасці не парушаў закон, што колькасць палётаў, якія выклікаюць пытанні, прадыктавана вялікай колькасцю сустрэч з жыхарамі часта малых мясцовасцяў, якія я праводзіў падчас сваёй працы.

Таксама падчас выхаду да прэсы слова ўзяў лідар партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі. Паводле яго, закон не быў парушаны, але трэба ўлічваць грамадскую думку:

– Людзі, праўдападобна, маюць іншае меркаванне. Прынамсі вялікая частка грамадства мае іншае меркаванне. У сувязі з гэтым магу сказаць, што рашэнне спадара маршалка з’яўляецца доказам пазіцыі, якая звязана з нашым лозунгам „Слухаць палякаў, служыць Польшчы”.

Яраслаў Качыньскі дадаў, што ў хуткім часе будзе распрацаваны дакумент, які мае рэгуляваць працэдуры выкарыстання ўрадавага самалёта. Палёты маршалка ўрадавым самалётам востра крытыкуе апазіцыя, заяўляючы пра злоўжыванне службовым становішчам. Праверку праводзіць і Акружная пракуратура Варшавы, якая занялася справай на падставе заявы ад грамадзяніна.

Беларускае Радыё Рацыя