Марцін Вайцяхоўскі: імпрэза ў Берасці не мела дачынення да асобы Рамуальда Райса



Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі расказаў Tut.by, што імпрэза ў «Польскай школе» не мела ніякага дачынення да постаці Рамуальда Райса, а ўсё тое, што адбылося, падобна на непаразуменне.

Marcin Wojciechowski/Krystian Maj/Agencja FORUM

Марцін Вайцяхоўскі сказаў, што імпрэза, якая прайшла ў Берасці 28 лютага, была арганізаваная Форумам польскіх лакальных ініцыятыў. «Паводле звестак, якія мы маем, яе мэтай было ўшанаванне памяці тых людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны ў Берасці дбалі пра польскія месцы памяці, польскія могілкі, пра захаванне польскай гісторыі — за гэта яны былі рэпрэсаваныя, у тым ліку высланыя ў Сібір, у Варкуту. Толькі пасля смерці Сталіна, на хвалі адлігі, яны змаглі вярнуцца ў Польшчу. З вядомых мне людзей магу назваць пана Рышарда Снарскага, які жыў у Берасці, — адзначыў Марцін Вайцяхоўскі.

Паводле ягонай інфармацыі, імпрэза ў «Польскай школе» «не мела ніякага дачынення» да імя Рамуальда Райса (Бурага). «Гэтая імпрэза ніякага дачынення да Бурага і да падзеяў у Гайнаўцы ня мела, у адрозненьне ад таго, што сцвярджаюць дзяржаўныя беларускія СМІ і некаторыя эксперты».

Пракуратура Беларусі заявіла, што маладыя людзі на імпрэзе «выконвалі песні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай Буры». «Можа быць, вершы і чыталі, але 100% не ў славу Райса, яго імя на той сустрэчы нават не згадвалася. Мы гэта старанна правяралі, калі б было па-іншаму, наш консул проста не ўдзельнічаў бы ў такой сустрэчы, — выказаўся Марцін Вайцяхоўскі. — Імпрэза праходзіць у Берасці ўжо некалькі гадоў, і ніколі яна не выклікала цікавасці, увагі, рэзанансу ў той ступені, у якой гэта адбылося сёлета».

Пракуратура Рэспублікі Беларусь пачала крымінальную справу „па факце гераізацыі ваенных злачынцаў”.

Беларускае Радыё Рацыя