Затрымана галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава (абноўлена)
Намеснік галоўнага рэдактара Tut.by Максім Гайко – на свабодзе, ён выйшаў на волю пасля допыту ў ДФР. Таксама адпушчаны праграміст Віталь Каліноўскі. Яны знаходзяцца ў статусе сведкаў і далі падпіску аб неразгалошванні, паведамляе Tut.by.
Дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка Tut.by, культуролаг Юлія Чарняўская. Пасля выпіскі са шпіталя, куды яна трапіла пад канвоем міліцыянтаў з гіпертанічным крызам, Чарняўская не з’явілася дома і сувязі з ёй няма, паведамляе яе дачка.
* * *
Tut.by апублікаваў спіс затрыманых супрацоўнікаў. Сярод іх:
– генеральны дырэктар Людміла Чэкіна – галоўны бухгалтар Анжэла Асад – намеснік бухгалтара Марыя Новік – намеснік дырэктара Ірына Рыбалка – дырэктар па персанале Надзея Адамовіч – намеснік галоўнага рэдактара Максім Гайко – журналіст Алена Талкачова – інжынер-праграміст Віталь Каліноўскі – бізнэс-аналітык Вадзім Трусаў – начальнік аддзела маркетынгу Ганна Заяц – начальнік аддзела продажаў Марына Кушнярэвіч – менеджар Андрэй Аўдзееў.
На 72 гадзіны затрымана намеснік галоўнага рэдактара Tut.by Вольга Лойка. Яе прававы статус невядомы, яе затрымалі ў офісе партала. Яна знаходзіцца на Акрэсціна. Марына Золатава таксама знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Яна мае статус падазраванай.
* * *
Сілавікі выйшлі з кватэры галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай пасля ператрусу. Яны вынеслі тэхніку. Саму Золатаву вывелі праз «чорны выхад» і звезлі, паведамляе «Вясна».
Нагадаем, партал TUT.BY сёння быў заблакаваны на фоне крымінальнай справы аб ухіленні аб уплаце падаткаў.
Паводле праваабаронцаў, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская знаходзіцца пад канвоем у прыёмным пакоі першай лякарні (ГКБ №1 Менска). У яе праблемы з сэрцам.
