Масква дае магчымасць Лукашэнку падумаць
Інтэграцыйныя перамовы паміж Менскам і Масквой зацягваюцца. Кіраўнікі Беларусі ды Расеі пры неабходнасці могуць стэлефанавацца да Новага года, каб вырашыць шэраг пытанняў. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітры Пяскоў, піша ТАСС.
І хоць палітыкі анансуюць перамовы яшчэ да канца гэтага года, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі лічыць, што перамовы зацягваюцца адмыслова.
– Не атрымалася да 20-годдзя Саюзнай дзяржавы, да 8-га снежня, як меркавалася раней прыгожа, урачыста падпісаць праграму паглыблення інтэграцыі. Дык цяпер Масква, відаць, ужо надта і не спяшаецца. Лукашэнка анансаваў яшчэ кантакты да Новага года. У Менск расейскія лідары не рвуцца, і ў мяне такая выснова, што яны проста даюць трохі часу беларускаму партнёру, каб ён, так бы мовіць, асэнсаваў свае паводзіны – занадта ўпартыя з гледзішча Масквы – і лепей падумаў над яе ўмовамі.
А Масква відавочна дамінуе. У яе ёсць рэсурсы, ад якіх залежыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, кажа эксперт. 20 снежня стала вядома пра канцэптуальныя дамоўленасці Расеі і Беларусі па пастаўках нафты і газу. Але надалей невядомы лёс так званай 31-й «дарожнай мапы» аб стварэнні агульных наднацыянальных органаў, якая найбольш пагражае суверэнітэту Беларусі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
