Мемарандум беларускай дыспары ў ЗША



Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША, прызнаючы наяўнасьць акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі й усьведамляючы адказнасьць за катастрафічныя наступствы расейскай ваеннай агрэсыі ва Ўкраіне, зьвяртаемся да суродзічаў, якія засталіся на радзіме.

Прымаючы да ўвагі той факт, што на сёньняшні момант Расейская Фэдэрацыя дэ юрэ й дэ факта з’яўляецца дзяржавай-тэрарыстам і нясе пагрозу ня толькі сваім бліжэйшым суседзям, але й ўсяму цывілізаванаму сьвету, мы абсалютна перакананыя ў тым, што беларускія грамадзяне не павінныя заставацца ў баку ад таго, што адбываецца, і мусяць любымі дасяжнымі сродкамі дамагацца наступнага:

– тэрміновага й неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі;
– скасаваньня дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якая дазваляе Расеі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсыі;
– ануляваньня незаконнай дамовы аб стварэньні так званай Саюзнай дзяржавы з Расейскай Фэдэрацыяй;
– выйсьця з Мытнага зьвязу й іншых хаўрусаў, створаных нелегітымнай уладай з мэтай паступовага паглынаньня нашай краіны ўсходнім суседам;
– увядзеньня пашпартнага кантролю на мяжы з РФ.

Беларусь павінна вярнуцца ў Эўропу, а не заставацца ў ганебных хаўрусах з дзяржавай-агрэсарам! Гэта будзе магчымым пасьля вырашэньня першачарговай задачы – ліквідацыі антыбеларускага па сваёй сутнасьці рэжыму Лукашэнкі. І за гэта неабходна штодзённа змагацца.

Жыве Беларусь!

2 красавіка 2022 года

Ад імя Беларускага Нацыянальнага сакратарыяту (БНС) – Зянон Пазьняк;

Ад імя Беларуска-Амэрыканскага згуртаваньня “ПАГОНЯ” – Віталь Зайка;

Ад імя Беларускай Асьветніцкай Лігі Амэрыкі (BELA) – Ірына Хадарэнка;

Ад імя Беларуска-Амэрыканскай Асацыяцыі “BAZA” – Натальля Федарэнка;

Ад імя Беларускага Інстытута Амэрыкі (BIA) – Алена Рыдзеўская;

Ад імя Беларускай Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага – Галіна Тумаш-Павэлс.