Мемарандум пра стварэнне Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту



Кансэрватыўна-Хрысціянская Партыя Беларускі Народны Фронт апублікавала мемарандум пра стварэнне Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту. У прэамбуле гаворыцца наступнае:

Рэжым Лукашэнкі (дакладней — Лукашэнка), дагаджаючы Маскве, зьнішчыў і вытаптаў беларускі палітычны клас. Апошняя ганебная прэзыдэнцкая выбарчая кампанія 2020 года выразна паказала ў якім бядотным стане знаходзіцца беларускае грамадзтва.

Трэба выпраўляць становішча, падняць высока наш сьвяты нацыянальны Сьцяг, наш гэрб Пагоню, нашу Беларускую мову і нашу волю. Мусім супраціўляцца варварству, Маскве і змагацца з цемрай. Мусім адрадзіць Беларусь, узьняць ідэйна нашу нацыю, зьберагчы дзяржаву і наш народ.

Ніжэй друкуем мэмарандум аб стварэньні Беларускага Нацыянальнага Сакратарыята за мяжой Беларусі. За мяжой — з прычыны антыбеларускай рэпрэсіўнай палітыкі аўтарытарнага рэжыму. ———————————— БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ САКРАТАРЫЯТ (Мэмарандум)

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят створаны дзеля абароны, разьвіцьця і прадстаўніцтва Беларускай нацыі, увасабленьнем якой зьяўляецца Рэспубліка Беларусь і беларусы ва ўсім сьвеце.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят (БНС) грунтуецца на прынцыпах свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі; — стаіць на пазыцыях ідэалёгіі Беларускага Адраджэньня; — прызнае цягласьць беларускай дзяржаўнасьці ад Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі і акту 25-га Сакавіка 1918 года, Рэспублікі Беларусь і акту дзяржаўнай незалежнасьці 25-га жніўня 1991 года; — кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь ад 15 Сакавіка 1994 года; — прызнае гістарычныя нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі — гэрб Пагоня, Бел- Чырвона-Белы Сьцяг і гімн БНР; — карыстаецца ў дзяржаўным будаўніцтве Беларусі праграмай “Вольная Беларусь”, абмеркаванай грамадзтвам у 2017 годзе.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят у сваім палітычным накірунку спрыяе стварэньню арганізацыі Беларускага Грамадзка-Палітычнага Руху “Вольная Беларусь”, яго згуртаваньняў у Беларусі і па ўсім сьвеце, бярэ на сябе ролю каардынацыйнага цэнтра ў працэсе дзейнасьці.

Непасрэднай задачай БНС зьяўляецца аналіз, ацэнка палітычнай сітуацыі ў Беларусі, паведамленьні аб варыянтах і аптымальных рашэньнях падзей, прапановы па арганізацыі і разьвіцьці руху, падтрымка прынцыпаў праўнай дзяржавы і нацыянальна-дэмакратычнага разьвіцьця краіны, дзеяньні і захады па ліквідацыі антынароднага, антыдэмакратычнага, антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят падтрымлівае ўсе арганізацыі, асобы і рухі, якія шануюць свабоду чалавека, суверэнітэт і незалежнасьць Беларусі, дзяржаўную Беларускую мову і адраджэньне беларускай нацыянальнай культуры.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят складаецца з сямі асобаў-заснавальнікаў, кожная зь якіх назірае за пэўнай часткай дзяржаўнага існаваньня Беларусі.

СКЛАД: 1. Аляксандар Адамковіч (г. Вільня) — культура, гісторыя, навука, рэлігія. 2. Юры Беленькі (г. Міньнеапаліс, часова) — эканоміка, фінансы. 3. Віталь Зайка (г. Нью-Ёрк) – палітыка і культура беларускай эміграцыі і замежжа 4. Анатоль Міхнавец (г. Варшава) — нацыянальная памяць, грамадзка-палітычныя рухі. 5. Зянон Пазьняк, каардынатар (г. Нью-Ёрк) — Нацыянальная палітыка, ідэалёгія, адукацыя. 6. Павел Усаў (г. Варшава) — міжнародная палітыка, дзяржаўная адміністрацыя. 7. Юры Цехановіч (г. Нюрнбэрг ) — Сельская гаспадарка, прырода.

Склад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту можа быць павялічаны альбо зьменены, зыходзячы з патрэбаў разьвіцьця.

9 жнівень 2020 г. Вільня, Варшава, Нью-Ёрк, Мініапаліс, Нюрнбэрг