Менгарвыканкам дазволіў КХП-БНФ мітынг супраць вучэнняў „Захад-2017”



Менгарвыканкам дазволіў КХП-БНФ правесці мітынг, прысвечаны вываду расейскіх войскаў пасля вучэнняў „Захад-2017”. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня інфармацыйна-прапагандысцкай камісіі сойма партыі Валерый Буйвал.

Пры гэтым, адзначыў ён, па ўзгадненні з заяўнікамі акцыі сталічныя ўлады змянілі дату правядзення мітынгу з 30 верасня на 3 кастрычніка. Мерапрыемства пройдзе ў Кіеўскім скверы з 18 да 20 гадзін. „Мы пагадзіліся з прапановай Менгарвыканкама аб пераносе даты мітынгу. І, сапраўды, гэта было зроблена па аб’ектыўных прычынах, бо па выхадных побач праходзяць восеньскія кірмашы”, — сказаў Буйвал.

Як паведамлялася, Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ падала 14 верасня ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне ў скверы каля кінатэатра „Кіеў” мітынгу пад дэвізам „Свабодная Беларусь”. Мэта правядзення мітынгу — выказаць пратэст у сувязі з магчымым знаходжаннем расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, якія да 30 верасня павінны быць выведзеныя пасля правядзення вучэнняў „Захад-2017”.

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк, які знаходзіцца ў эміграцыі, заклікаў сваіх паплечнікаў у Беларусі рыхтавацца да мітынгу і актыўна распаўсюджваць інфармацыю пра ваенныя вучэнні.

„У гэты час вельмі важна арганізаваць у розных гарадах прыняцце прысягі на вернасць Беларусі. Метады могуць быць рознымі. Нават у форме малітвы ў святых месцах, перад помнікамі і крыжамі, перад касцёламі і цэрквамі. Рабіць усё гэта трэба спантанна”, — гаворыцца ў размешчаным на сайце партыі звароце Пазьняка.

Папярэдняя акцыя КХП-БНФ супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017” адбылася 8 верасня ў скверы каля кінатэатра „Кіеў”. Яна таксама была санкцыянаваная сталічнымі ўладамі.