Менск і Варшава пакуль не дамовіліся пра польскі тэлеканал



Менск і Варшава пакуль не дамовіліся пра вяшчанне тэлеканалаў Polonia  і Культура на тэрыторыю Беларусі. Такая выснова вынікае з адказу прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка 5 студзеня ў Менску на брыфінгу на просьбу журналістаў пракаментаваць апошнія заявы міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага пра тое, што дасягнутая дамоўленасць аб распаўсюджванні на тэрыторыі Беларусі тэлеканалаў Polonia і Культура”.

mironchik_mid_02042015_tutby_brush_phsl_img_04

«Я вычарпальна пракаментаваў тэму прысутнасці польскіх тэлеканалаў у адказ на пытанне tut.by зусім нядаўна. Мне сапраўды няма чаго дадаць да таго адказу. Слова „дамоўленасць” у маім адказе не фігуравала, але растлумачэнне я даў», — сказаў Мірончык. Раней у МЗС Беларусі заявілі, што Польшча ініцыявала ўключэнне свайго тэлеканала ў беларускія кабельныя сеткі, а ў Менску будуць гэтае пытанне вывучаць.

„Гэтае пытанне не зусім у кампетэнцыі МЗС: у яго ёсць шэраг тэхнічных аспектаў, а таксама юрыдычных нюансаў, звязаных з выхадам на беларускі інфармацыйны рынак замежных СМІ. Усе яны патрабуюць сур’ёзнай прапрацоўкі, у прыватнасці з улікам прынцыпу ўзаемнасці”, — заявіў Мірончык tut.by. Нагадаем, у пачатку снежня стала вядома аб планах МЗС Польшчы скараціць фінансаванне тэлеканала „Белсат” у 2017 годзе з 17 да 5 млн злотых (з 4 да 1,2 млн долараў). Дырэктар тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы заявіла, што гэта прывядзе фактычна да знішчэння тэлеканала.

Каментуючы сітуацыю, Вашчыкоўскі заявіў, што МЗС вымушанае скараціць фінансаванне „Белсата” ў сувязі з тым, што неабходныя дадатковыя сродкі на адкрыццё новых польскіх консульскіх устаноў і падтрымку сірыйскіх бежанцаў.

Тады ж Вашчыкоўскі заявіў, што „ёсць дамоўленасць з беларусамі, што яны распаўсюдзяць на тэрыторыі Беларусі тэлебачанне „Polonia”.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя „Белсата” размяшчаецца ў Варшаве.

БелаПАН