Меркаванні беларускіх экспертаў пра прэзідэнцкія выбары ва Украіне
Украінскія прэзідэнцкія выбары пройдуць праз два месяцы, 31-га сакавіка. Ужо цяпер колькасць зарэгістраваных кандыдатаў перавысіла 20 чалавек. Такія размаітыя па палітычных поглядах кандыдаты, імаверна, станоўчы паказчык як дэмакратыі, так і складанай кампаніі, бо Украіна знаходзіцца ў стане вайны з расейскімі акупантамі, кажа Дзяніс Івашын – журналіст, дырэктар беларускай службы InformNapalm.
– Калі шчыра, то цягам усёй сваёй найноўшай гісторыі Украіна заўжды выбівалася з усёй геапалітычнай прасторы постсавецкіх краін досыць высокім роўнем дэмакратычнасці, транспарэнтнасці правядзення электаральных кампаній. Кампанія 2019 года таксама пра гэата сведчыць.
Празрыстасць і сумленнасць выбарчай кампаніі, па ўзорах мінулых выбарчых кампаній ва Украіне, не выклікае ў міжнародных назіральнікаў пытанняў. Зусім не так, як у Беларусі. Пра гэта кажа неаднаразовы ўдзельнік кароткачасовага назірання за выбарамі ва Украіне, праваабаронца Раман Юргель:
– Адметнасць выбараў у тым, што выбары праводзяцца за адзін дзень. Усе паспяваюць прыйсці на ўчасткі, усе паспяваюць прагаласаваць. Яўка на прэзідэнцкія выбары заўсёды большая. Камісіі ствараюцца з прадстаўнікоў кандыдатаў, прадстаўнікоў дэпутатаў, іх штабоў у парламент. Старшыня і сакратар камісіі, як правіла, ад розных блокаў і кандыдатаў. Бюлетэні друкуюцца абароненыя, нумарныя.
Каля 35 % жыхароў Украіны, паводле аналітычных апытанняў, яшчэ не вызначыліся з кандыдатам, за якога аддадуць свой голас на маючых адбыцца выбарах прэзідэнта.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота 24tv.ua
