Меркель пасля доўгага маўчання выказалася пра вайну ва Украіне



Экс-канцлер Германіі Ангела Меркель выказала салідарнасць з Украінай, а расейскую агрэсію супраць гэтай краіны назвала „варварскай вайной”. Гэтыя заявы яна зрабіла на цырымоніі развітання з адыходзячым прэзідэнтам Аб’яднання нямецкіх прафсаюзаў. Пра гэта піша Reuters.

Меркель сказала, што не будзе даваць парады з боку, але яна падтрымлівае намаганні ўрада па „спыненні гэтай варварскай вайны”.

Меркель маўчала пра тое, што адбываецца ва Украіне больш за тры месяцы. Яна каментавала вайну толькі аднойчы — у канцы лютага, калі Расея толькі пачала баявыя дзеянні. Тады палітык заявіла, што аперацыі Расеі ва Украіне будуць мець наступствы ў далёкай перспектыве.

„Для гэтага абуральнага парушэння міжнароднага права няма апраўдання. Асуджаю гэта самым сур’ёзным чынам”, — сказала тады Меркель.

Reuters нагадвае, што Меркель раней была вельмі добразычліва настроена ў адносінах да Расеі — падтрымлівала праект „Паўночны паток-2” і лічыла неабходным працягваць размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным нават пасля анексіі Крыма і канфлікту на ўсходзе Украіны.

[manual_related_posts]