Мікалай Казлоў: Скептычна стаўлюся да вылучэння Паўла Спірына



33-гадовы юрыст і відэаблогер Павел Спірын публічна заявіў аб сваім жаданні балатавацца ў прэзідэнты.

Ён дыстанцыяваўся як ад улады, так і ад апазіцыі, лічыць сябе народным кандыдатам. У сваім відэароліку Спірын абнародаваў пакрокава зразумелую і прывабную праграму і патлумачыў, што будзе рабіць, калі стане прэзідэнтам. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў даволі скептычна паставіўся да жадання Паўла Спірына балатавацца ў гэты небяспечны для здароўя і жыцця людзей час:

– Мы сур’ёзна гаворым, што у нас няма лідараў, няма людзей, якія здольныя ўдзельнічаць у кампаніі. Або мы можа будзем гаварыць пра людзей, якія будуць удзельнічаць, пра безадказнасць, пра тое, што яны такім чынам падтрымліваюць рашэнне Лукашенкі вось у гэтых умовах правесці такую кампанію. Я не ведаю, як будзе сябе адчуваць чалавек, калі хтосьці са зборшчыкаў подпісаў зляжа, і не дай бог, памрэ ад каронавіруса. Вось што тады?

Паводле Мікалая Казлова, самае правільнае і чалавечнае – гэта патрабаваць пераносу выбараў на больш позні тэрмін, што будуць рабіць правацэнтрысты.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з блога Паўла Спірына