Мікалай Казлоў: Я не ведаю, чаго дамагаецца Канапацкая



Выконваючы абавязкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў адказаў на крытыку яшчэ адной удзельніцы ў праймерыз Ганны Канапацкай.

Днямі Ганна Канапацкая, якая таксама пртэндуе на тое, каб стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, раскрытыкавала і лідара АГП Мікалая Казлова і працэдуру праверкі подпісаў, якуія збіралі ўдзельнікі ў праймерыз.

“Ну добра, вы правяраеце подпісы, – цытуе Канапацкую gazetaby.com. –Дык раскажыце мне патрабаванні і ўмовы, згодна з якімі будзеце гэтую праверку праводзіць, і як збіраецеся забяспечваць канфідэнцыяльнасць тым людзям, якія за мяне падпісаліся?.. Складана гуляць у гульню без правілаў”.

Мікалай Казлоў: Шчыра кажучы, я не зусім разумею, чаго дамагаецца Канапацкая. Ёсць працэдура праверкі подпісаў, якая ўзгоднена з усімі ўдзельнікамі праймерыз, ёсць кантрольная група, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх. Наколькі вядома, і Ганну Канапацкую запрашалі, каб яна была падчас працэдуры праверкі подпісаў. Я, дарэчы, да гэтай групы не маю абсалютна ніякіх адносін.

РР: Канапацкая задаецца пытаннем: як збіраецеся забяспечваць канфідэнцыяльнасць тым людзям, якія падпісаліся?

Мікалай Казлоў: Гэта ізноў-такі лепш запытацца ў яе, што яна мела на ўвазе, бо базу падпісантаў ніхто не збіраецца абнародваць ці перадваць у нейкія іншыя органы. Любы прэтэнзіі павінны мець нейкія разумныя межы.

Паўтаруся, што ў кантрольную групу, якая правярае подпісы, уваходзяць прадстаўнікі ўсіх удзельнікаў праймерыз, таму не разумею, чаму ў чалавека такая нездаровая рэакцыя. Калі ў вас усё ў парадку з подпісамі, то не трэба ствараць дадатковыя праблемы для іншых. Сваркі сёння нікому не патрэбныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя