Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў: “Баста” і наперад!”



Наўрад ці варта траціць лішнія словы на прадстаўленне сённяшніх гасцей. Іх імёны шмат год на слыху  ў сотняў тысяч суайчыннікаў ды на старонках СМІ самых розных палітычных кірункаў. З павагай і жаданнем чуць іх меркаванне па самых вострых і складаных пытаннях развіцця краіны з боку незалежных СМІ ды апазіцыйна настроеных грамадзян. З непрыхаванай злоснай пыхай ды жаданнем хоць як-небудзь джаліць – ад уладных структур ды іх памагатых у афіцыйных выданнях. І калі гавораць часам пра склокі ды кпіны між рознымі апазіцыйнымі палітыкамі, дык гэта ніколі пра іх. Яны ішлі ды ідуць у літаральным сэнсе разам мо самым цярністым шляхам, баронячы ды хаваючы ў сэрцах, за кратамі, на мітынговых пляцоўках любоў і адданасць Беларусі. Ну й хопіць.

У нас у гасцях паэт міласцю божай, лідар руху “За дзяржаўнасць і Незалежнасць” Уладзімір Някляеў. І экс-палітвязень, вулічны трыбун, стваральнік БЗВ, экс-падпалкоўнік Мікалай Статкевіч. Дарэчы, ён, як вядома, перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву аб правядзенні 1 траўня а 14 гадзіне святочнага сходу на Кастрычніцкай плошчы. Але напярэдадні знік за 2 дні да акцыі, як і перад 25 сакавіка – як сёння ўжо аказалася, за кратамі Акрэсціна. Тым ня менш, за дзень да арышту заклікаў у прамым эфіры “Белсата” аднадумцаў прыходзіць на Кастрычніцкую – “не для мяне, а для сябе”. Што ж, у сувязі з падзеямі тым больш актуальнымі ды злабадзённымі будуць выказаныя, натуральна, крыху раней ацэнкі ды прагнозы суразмоўцамі. Дарэчы, пакідаю і цытату Статкевіча, вынесеную ў назоў – таксама не страціла злабадзённасць.

РР: Найперш, ці пагодзіцеся з тым, што пасля амапаўскага бразгання шчытамі ды ляскання дубінкамі ў часе падзей 25 сакавіка мы сталі жыць у іншай Беларусі? Балазе, не паўторыцца эканамічнага, хоць і паказнога “цуда” з падвышэннем заробкаў, як пасля падзей 2010-га. Дый сотні затрыманых у аўтазакі ішлі не запужанымі, а з гандыйскім спакоем ды воклічамі “жыве Беларусь” і “ганьба”…

НЯКЛЯЕЎ: Для мяне Беларусь заўсёды адна і тая ж. Грамадства, безумоўна, стала іншым. Перш за ўсё паводле ўсведамлення таго, што ад уладаў, рэжыму ніякіх змяненняў чакаць не выпадае. Усё трэба рабіць самім! Гэта пануе ў найбольш актыўнай частцы людства. І будзе выводзіць усіх на вуліцы ды плошчы.

СТАТКЕВІЧ: Сістэма не змянілася – вялікі калгас. Толькі знешнія абставіны іншыя – плаціць за яго існаванне бракуе ахвотных. Як і чакалася, беларускую палітычную нацыю 25 сакавіка ўбачылі раптоўна. Калі людзі нават без лідараў самі арганізуюцца, упарта ідуць, смяюцца шчытам у твар. Маем зараз і мы на што абаперціся ў нашай краіне.

РР: Здаецца, і ўлада гэта адчула. Бо інакш не заводзілі б крымінальныя справы паводле самараспушчанага паўтара дзесятка год таму “Белага легіёну”. Калі ўпершыню ці не двум дзясяткам  асоб выстаўленае не звычайнае ўжо абвінавачванне ў “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, але і па 287 артыкулу ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання”. А гэта ад 3 да 7 год! Хутка на дзяржтэлеканалах узнікне фільматэка пра “легіянераў”, дзе з забытай асалодай ужываецца адкрыта энкавэдысцкая лексіка. Дазволю некалькі цытат – “баевікі выступілі адкрыта”,  “Белы легіён” – кулак апазіцыі”, “мэтазгодна правесці тэракты ў Маскве”…

СТАТКЕВІЧ: Усе гэтыя справы тлумачу ўсё той жа спробай застрашыць грамадства. Выцягнулі з шафы, між іншым, ужо пранафталіненую “легенду” і давай трэсці ёй у тэлепаветры. Пры чым, улада нават і не спрабуе зрабіць яе хоць колькі праўдападобнай. Проста паказвае – маўляў, можам пра любога што заўгодна навыдумляць, любую дурасць падаць як праўду. На жаль, не ўсё так смешна. Лукашэнка пасля 25-га назваў сябе “спецыялістам па інфармацыйных войнах”. У памянёным фільме пра легіянераў гучалі прыдумкі пра ўзрывы бомб, што нібыта рыхтаваліся. Я ж агучваў ужо інфармацыю пра правакацыі з узрывамі, што рыхтаваліся ў аналах саміх спецслужбаў. Проста КДБ праявіла “растаропнасць”, калі арыштавала не некалькі чалавек, на якіх можна было б усё “павесіць”, а сотні і сотні. Такая версія, падкрэсліваю, да мяне прыйшла. Калі гэта праўда, дык жахліва! Далёка можна зайсці…

НЯКЛЯЕЎ: На жаль, у працы “органаў” мала што змянілася з часоў Яжова і Ягоды. Ствараюцца і запускаюцца ў галовы тыя ж жупелы “антысаветчыкаў”, “нацыяналістаў”, што “здраджваюць народу”. І я не сказаў бы, што ўсе толькі смяюцца – шмат хто верыць! Ці робяць выгляд, што такое магло б быць. Як кажа той жа Макей пра “адэкватны адказ на магчымую рэальную пагрозу тэрарыстаў-баевікоў”. Я сам на сабе зведаў такія “рэальнасці” ў 2010. На першым жа допыце ў КДБ мне паказалі фотаздымкі двух пісталетаў і гранат, што, нібыта, знайшлі ў маім пісьмовым стале. І сталі ляпіць спробу “узброенага дзяржаўнага перавароту” – а гэта ж да “вышкі”. Кажу – пакажыце мне хоць адзін з пісталетаў у рэальным выглядзе, мо і з маімі “пальчыкамі”. Ніхто не паказаў, тым больш, змяніўся палітычны накірунак тае справы. І цяпер павінны б былі забыцца на ману пра легіянераў. Але калі яны не давядуць, найперш на Захад, што яны круцяць гэту сітуацыю для нейкага “выратавання ад тэрарызму”, дык няма чаго лавіць і з гэтымі крэдытамі ад МВФ і наогул з палітыкай “збліжэння”. І гэта ідзе паралельна з працэсам зусім не збліжэння з Расеяй, хоць Лукашэнка клянецца ў вернасці “крэўным братам”. Калі быў параўнальна нядаўна ў Маскве на пахаванні вялікага паэта і майго даўняга сябра Яўгена Еўтушэнкі, спытаўся ў аднаго з крамлёўскіх бонзаў, што таксама прыйшлі, пра тое, ці збіраюцца яны нас “заваёўваць”. Той дзікавата зірнуў на мяне як на марсіяніна і прамовіў – “калі ваяваць, дык хіба аднаго”. Вось і даводзіцца круціцца як на патэльні вярхоўнай уладзе і яе служкам. І як брыдка, калі тыя з кагорты апошніх, што называюць сабе “журналістамі ды палітолагамі”, лепяць гарбатага пра “блакітныя позіркі ворагаў” ды іншае, што і казаць сорамна. І дзеля таго, каб такіх не стала, трэба выходзіць на плошчы.

РР: Закранем узгаданы сп. Уладзімірам “маскоўскі” кантэкст. Прыгадаем, што пасля пераможных рэляцый пасля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка тут жа абвясціў “жастачайшую эканомію” і “нас прыпёрлі да сценкі”. Здаецца, мільярд у некалькі траншаў з канкрэтнымі патрабаваннямі, які з пярэрвамі ідзе ад ЕўрАзЭС зусім не тыя 3-4 мільярды, што давала Расея пры канцы 90-х. З іншага боку, і Захад у адносінах да рэжыму канчаткова не вызначаецца…

СТАТКЕВІЧ: Тое, што Еўропа не прыняла рашэнне канчаткова адмовіцца ад палітыкі “дыялогу”, стварае і для дэмакратычных сіл пэўнае акенца магчымасцей. Мы павінны вярнуць сабе цэнтр сталіцы для пратэстаў альбо канчаткова загубіць усе планы рэжыму падтрымаць сваё існаванне і сілавых структур за кошт крэдытаў.

НЯКЛЯЕЎ: На жаль, трэба сыходзіць з таго, што Беларусь для атрымання, скажам, кар’ерных ці эканамічных бонусаў, лёгка могуць прадаць як на Захадзе, так і на Усходзе. Калісьці расейская імператрыца Кацярына напісала Фрыдрыху, што паміж Берлінам і Масквой трэба дзеля міру і спакою, каб больш не было ніводнай сталіцы. Той пагадзіўся. Так што трэба зрабіць краіну такой, што б была не па зубах тым, хто б яе  хацеў скарыстаць. А для гэтага паўстаў бы Народ, што не дасць прыніжаць сябе!

СТАТКЕВІЧ: Рэжым, з аднаго боку, будзе спыняць пратэсты, аказваючы ціск на іх удзельнікаў, а, з другога боку, сваёй няздольнасцю вырашаць праблемы – выганяць людзей на вуліцу. Наша задача выяўленая ў асноўных лозунгах, што вылучаныя на 1 траўня Беларускім нацыянальным кангрэсам – “БАСТА! Уладу – народу!” І – працягваць барацьбу.  

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота аўтара