Мікалай Салянік: Улада забівае ў нас пачуццё патрыятызму



Рэкордныя 45 базавых велічынь штрафу прысудзіла прадстаўніку Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалаю Саляніку суддзя Кастрычніцкага раёна Гародні Алена Тоўсцік-Самойла. На яго было складзена два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі за незалежнасць “Ланцуг незалежнасці”, якая прайшла ў Гародні 15 снежня, і за заклік да ўдзелу ў гэтай акцыі. 

Сваю праўду Мікалай Салянік вызначыў у некалькіх фразах:

– За тое, што мы выказалі сваю салідарнасць. За тое, што мы хочам быць свабоднымі, незалежнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, чым нашая вертыкаль заўсёды ганарылася і так званы “прэзідэнт”. Аказваецца, ганарыцца сваёй незалежнасцю – караецца і падпадае пад адміністрацыйную адказнасць. Такім чынам улада ўвогуле забівае ў нас пачуццё патрыятызму.

У працэсе прымалі ўдзел тры міліцыянты: Станіслаў Шутовіч, Генадзь Кейзер і Вадзім Путнікаў, якія пацвердзілі факты, супраць якіх не пярэчыў абвінавачаны.

Мікалай Салянік абапіраўся на Канстытуцыю, якая гарантуе права людзям публічныя выказванні, але складзеныя пратаколы сведчылі пра іншае – парушэнне адміністрацыйнага кодэксу паводле артыкула 23.34:  „правядзенне масавага мерапрымства несанкцыянаванага ўладамі”. Падтрымаць Саляніка прыйшлі не толькі сябры, але і простыя гарадзенцы, якія салідарныя з грамадскім актывістам.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня