Міхаіл Пастухоў: Узнікаюць паралелі з 2010 годам…



“Уся сёняшняя сітуацыя падобна на зараней распрацаваны сцэнар уладаў”, – лічыць экс-старшыня Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Як ужо паведамлялася, па справе “Белага легіёна” распачынаецца новая крымінальная справа. Артыкул 287 КК — “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. Калі верыць дзяржаўным СМІ, абвінавачанне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам.

Міхаіл Пастухоў: Калі прааналізаваць сітуацыю, то ўзнікаюць паралелі з 2010 годам. Тады быў масавы разгон акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў (каля 700 чалавек затрымалі), была ўзбуджана крымінальная справа па факце аб масавых беспарадках. Зараз 25 сакавіка адбывалася нешта падобнае. Ізноў пад рэпрэсіі патрапілі каля 700 чалавек і зноў-такі з’явілася крымінальная справа. Гэтым разам – аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Пры тым зараз усё з’явілася на пустым месцы – ніякіх жа беспарадкаў наогул не было. Некалькі тысяч чалавек традыцыйна выйшлі святкаваць Дзень волі – вось і ўсё.

РР: Што ў такім разе адбываецца?

Міхаіл Пастухоў: Усё гэта падобна на заранёў распрацаваны сцэнар уладаў. Як быццам нехта заказвае музыку пад суадносныя даты. Бо, калі казаць пра абвінавачванні фігурантам справы “Белага легіёна”, то ўзнікае вельмі шмат сумненняў. Знайшлі нейкую зброю, якая, па сведчанні экспертаў, дазволеная, нейкія невядомыя жалезныя пруты паказваюць… Увогуле, адметна, што ахвярамі сталі людзі, якія да палітыкі ніякіх адносін не мелі, але цікавіліся беларускай гісторыяй і пазіцыяніравалі сябе, як патрыёты. І раптам з гэтых людзей стварылі “баевікоў”. Таму, калі аналізуеш справу, то адразу заўважаеш ілюзорнасць і прыдуманасць абставін.

РР: Ці могуць гэтую справу з часам, што называецца, “спусціць на тармазах”?

Міхаіл Пастухоў: Я і прагназую, што з гэтай справы ў выніку атрымаецца “пшык”, але сёння камусьці вельмі хочацца паказаць, што ёсць варожыя для краіны сілы, якія жадаюць Беларусі горшага. У выніку ствараецца атмасфера страху і запалохвання людзей. Ва ўсіх гэтых дзеяннях праяўляецца спецыяльная методыка дзеючай улады. А што тычыцца перспектыў справы, то, думаю, на тармазах яе будуць спускаць вельмі асцярожна і марудна. А некаторым з тых, каму ўжо прад’яўлена абвінавачванне, могуць даць і рэальныя тэрміны. Бо адпусціць усіх – гэта значыць прызнаць вінаватымі ў памылках сілавікоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя