Міхал Шчэрба: Лукашэнка з’яўляецца узурпатарам
У сітуацыі, калі Цэнтральная Выбарчая Камісія фальсіфікуе вынікі выбараў, не паважае волі народу, Лукашэнка з’яўляецца проста ўзурпатарам. Нельга яго прызнаць прэзідэнтам.
Такое меркаванне выказаў дэпутат польскага Сейму ад апазіцыйнай партыі Грамадзянская Плятформа – Міхал Шчэрба. Польскі дэпутат 9 жніўня быў у Менску і стаў непасрэдным назіральнікам падзей ў беларускай сталіцы:
– Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбрана Святлана Ціханоўская, якая была вымушана пакінуць сваю краіну. Зараз Беларусь у якасці прэзідэнта мае ўзурпатара, які мусіць неадкладна сысці. На маю думку, павінны быць арганізаваны новыя прэзідэнцкія выбары, згодна з дэмакратычнымі стандартамі.
На думку дэпутата польскага Сейму, Захад, а ў першую чаргу найбліжэйшыя краіны-суседкі Беларусі – Польшча, Літва, Латвія не могуць быць абыякавымі да апошніх падзей ў Беларусі. Усе яны павінны выказаць намаганні дзеля нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі. Аказаць падтрымку беларускаму народу і патрабаваць вызвалення палітычных вязьняў і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў, згодна з дэмакратычнымі стандартамі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wp.pl
