Міхась Янчук: «Белсат» не толькі тэлеканал, але і мост паміж нашымі народамі



«Гэта пытанне не толькі аднаго праекту. «Белсат» амаль за 10 год свайго існавання стаў сапраўдным мастом паміж нашымі народамі. Калі закрыць «Белсат» ці перавесці яго на расейскую мову, то створаная на базе канала супольнасць па абодвух баках мяжы ніколі не даруе таго, што другі бок так паставіўся да яе працы за гэтыя дзесяць год», – выказваецца ў справе магчымага скарачэння на траціну фінансавання тэлеканала «Белсат» яго былы прадстаўнік у Беларусі Міхась Янчук.

– Некалькіх гэтых урадоўцаў могуць разбурыць вельмі прыязныя адносіны, якія склаліся за гэтыя 10 год паміж нашымі народамі. І гэтага пасля немагчыма будзе выправіць за ніякія мільёны. Вось гэта галоўная шкода, якая можа паўстаць, калі Белсат будзе закрыты. Калі гэта сапраўды продаж ідэалаў за нейкія аднаразовыя карысці, якія, як паказваюць ранейшыя спробы ацяплення стасункаў з Беларуссю, ніколі не прыводзілі да сістэмных зменаў у нашай краіне, то вельмі ж надта танна прадаюць свае здабыткі нашыя польскія сябры.

Як адзначаецца на сайце тэлеканала, «Белсат» быў створаны ў 2008 годзе і паступова павялічваў абсяг вяшчання. Тэхнічныя супрацоўнікі „Белсата” пераважна палякі, але твары і галасы канала — беларусы. Сярод іх Святлана Калінкіна, Павел Мажэйка, Валярына Кустава. Беларускія ўлады не давалі акрэдытацыі ды час ад часу штрафавалі рэпарцёраў «Белсата».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя