Суд над Анатолем Лябедзькам у Жабінцы перанесены на 23 лютага



Судовы працэс над старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам у Жабінкаўскім раённым судзе перанесены на 23 лютага. Вядзе гэтую адміністрацыйную справу сам старшыня суда Віктар Новік, якому Анатоль Лябедзька ў самым пачатку суда выказаў недавер. Затым спадар Анатоль заявіў хадайніцтва аб жаданні мець адваката. Віктар Новік задаволіў хадайніцтва. Палітык лічыць, што судовае рашэнне ўжо падрыхтавана і яго засталося толькі падпісаць:

– Я не памылюся, калі скажу, што ў вашым кампутары ўжо ёсць рашэнне і вам застаецца толькі паставіць подпіс. Не багата памылюся, калі скажу, што зафіксавана 15 сутак арышту. Таму вы не можаце разглядаць маю справу як суддзя.

Па словах Анатоля Лябедзькі, пры гвалтоўным затрыманні не было ніякай патрэбы змяшчаць яго ў ізалятар часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС. У ізалятары нізкая тэмпература і адбываецца самае што ні на ёсць катаванне холадам:

– Першае што я зраблю – відэазварот да генеральнага пракурора і міністра Шуневіча, таму што тое, што адбываецца ў ізалятары Кобрына, гэта рэальны здзек над людзьмі. Гэта гвалтаванне. Таму што я тры ночы здымаў толькі боты.

Падтрымаць Анатоля Лябедзьку прыязджалі сябры і аднапартыйцы з Менску, Берасця, Бярозы, Івацэвічаў. Здымаць працэс прыехала беларускае телебачанне, з-за гэтага пашчасціла незалежным журналістам. Яны змаглі ўпершыню з судовай залы весці прамую трансляцыю судовага працэсу.

Поўны гук у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Працэс над старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам у судзе Жабінкаўскага раёна (Берасцейская вобласць) перанесены на 23 лютага, паведаміў БелаПАН палітык.

Лябедзька быў затрыманы 9 лютага, пасля таго як ён прыехаў у Берасце на пікет кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў ад АГП і здымаў на відэа, як у абласным цэнтры праходзіць збор подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Пазней машына, у якой знаходзіліся Лябедзька і член палітрады партыі Аляксандр Дабравольскі, была спыненая міліцыяй на трасе Берасця — Менск у Жабінкаўскім раёне.

„Затрыманне адбывалася звычайна, бо падобныя выпадкі здараюцца пастаянна падчас рэгіянальных паездак. Спынілі машыну, выразна не паведаміўшы прычыну. Потым Анатоля Лябедзьку даставілі ў РАУС, вельмі доўга трымалі там, у аддзеле хадзілі супрацоўнікі КДБ”, — паведаміў БелаПАН Дабравольскі, які затрыманы не быў.

У дачыненні да палітыка склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. Выхадныя Лябедзька правёў у ізалятары часовага ўтрымання ў Кобрыне. Палітык паведаміў, што працэсам яго затрымання фактычна кіравалі не міліцыянеры, а супрацоўнікі КДБ. Ён не выключае, што яму могуць прызначыць адміністрацыйны арышт, каб пратрымаць у ізалятары да канца мясцовай выбарчай кампаніі.

Лябедзьку „складана зразумець матывацыю” супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія спачатку затрымалі яго, а затым перанеслі дату суда. Тым не менш суд, на які прыехалі прадстаўнікі двух дзяржаўных тэлеканалаў, задаволіў яго хадайніцтва аб выкліку адваката.

Палітык падкрэсліў, што падстаў змяшчаць яго ў ізалятар часовага ўтрымання ў Кобрыне „не было ніякіх”. „У мяне дзясяткі адміністрацыйных спраў, але сілавым чынам мяне ў суд не прыцягвалі, я на іх прыходжу сам”, — сказаў ён.

Палітык мае намер падаць відэазварот у Генеральную пракуратуру і міністру ўнутраных спраў. „Гэта катаванні згодна з міжнароднымі стандартамі. Усе трое сутак я правёў пад коўдрай. Гэта жах. Як там людзі сядзяць месяцамі, я проста не ведаю”, — адзначыў ён, паведаміўшы, што на час знаходжання ў ізалятары адмовіўся ад прыёму ежы.

***

12 лютага ў Жабінцы павінен адбыцца суд над лідарам АГП Анатолям Лябедзькам. Яго вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі і кіраванні аўтамабілем без належных дакументаў (пратэрмінаванае пасведчанне кіроўцы), паведамляе spring96.org.

Анатоль Лябедзька. Фота: Уладзіміра Вялічкіна.

Анатоля Лябедзьку з Кобрына прывезлі ў суд Жабінкаўскага раёна. Ен паспеў даць інтэрв’ю перад будынкам суда шматлікім журналістам. Аднак потым пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль і палітыка зноў павезлі ў РАУС, патлумачыўшы тым, што трэба перапісваць пратаколы. Магчыма, суд пачнецца толькі ў 14 гадзін.

Грамадскі актывіст з Кобрына Алесь Мех у выходныя намагаўся перадаць перадачу затрыманаму да суда ў Кобрынскім ізалятары часовага ўтрымання лідару АГП Анатолю Лябедзьку. Аднак на дзвярах ІЧУ была вывешаная абвестка: „У выходныя і святочныя дні перадачы забаронены”.

“Мабыць – чарговы „ноўхаў” мясцовых міліцыянтаў”, – каментуе сітуацыю праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Нагадаем, лідар АГП Анатоль Лябедзька быў затрыманы вечарам 9 лютага.

Па інфармацыі прэс-службы АГП, аўтамабіль, у якім знаходзіліся Анатоль Лябедзька і Аляксандр Дабравольскі, быў спынены ў 17.10 без выразнага тлумачэння прычын на трасе Берасце-Менск у Жабінкаўскім раёне.

Неапраўдана ужыўшы гвалт, супрацоўнікі ДАІ выцягнулі Анатоля з машыны і даставілі ў Жабінкаўскі РАУС, дзе склалі на яго пратакол пра непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі (арт 23.4 КаАП РБ), пасля чаго абвясцілі яму, што ён затрыманы. Афармленне дакументаў доўжылася да 23.30. Супрацоўнікі міліцыі асабліва не хавалі, што гэтыя дзеянні здзяйсняюцца з удзелам супрацоўнікаў КДБ.

На раніцу 10 лютага лідар АГП Анатоль Лябедзька затрыманы і знаходзіцца ў Кобрыне. Жонцы Анатоля Святлане па тэлефоне Кобрынскага РАУС паведамілі, што суд адбудзецца ў панядзелак, 12 лютага, у Жабінцы.

У апошнія гады ўсё паездкі лідара АГП суправаджаюцца шчыльным кантролем спецслужбаў, уключна з вонкавым назіраннем, правакацыямі і засадамі, у тым ліку з прыцягненнем ДАІ (многія выпадкі апублікаваныя на старонцы Анатоля Лябедзькі ў Фэйсбуку).*

* * *

9 лютага а 17.10 па дарозе з Берасця на Менск, у Жабінкаўскім раёне, без выразных тлумачэнняў, быў затрыманы лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Супрацоўнікі ДАІ гвалтоўна выцягнулі яго з машыны, дзе знаходзіўся яшчэ адзін з лідараў партыі Аляксандр Дабравольскі, і завезлі ў Жабінкаўскі РАУС.

Кажа прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна:

– Склалі на яго пратакол пра непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, афармленне дакументаў працягнулася да 23:30. Супрацоўнікі міліцыі асабліва не хавалі, што гэта здзяйсняецца з удзелам супрацоўнікаў КДБ. Партыя паведамляе, што ў апошнія гады ўсе паездкі лідара КДБ суправаджаліся шчыльным кантролем спецслужбаў, вонкавым назіраннем, правакацыямі, арганізацыяй засад, у тым ліку з прыцягненнем ДАІ. Партыя лічыць, што ўсё гэта з’яўляецца часткай мэтанакіраванай кампаніі, якая каардынуецца спецслужбамі, накіраванай на перашкады ў ажыццяўленні палітычнай дзейнасці Анатолем Лябедзькам.

Кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі адзначае, што такія дзеянні ўладаў, паказваюць, што яны хвалююцца:

– Вось гэтыя нервовыя рухі, калі арыштоўваюць людзей нібыта за супраціў. Які мог быць супраціў? Вы бачылі, як Анатолю Лябедзьку рэгулярна выкручваюць рукі на яго сустрэчах з людзьмі. У апошні час бачна, што ўлады нервуюцца. А чаму нервуюцца? А напэўна таму, што не вельмі добрае ў іх становішча, асабліва гэта іх нервуе, бо гэта адбываецца на флне выбарчай кампаніі.

Кажа лідар Руху “За Свабоду!” Юрась Губарэвіч:

– Улады так сур’ёзна падрыхтаваліся і ажыццявілі гэты захоп, што Анатоль нават не здолеў нікому паведаміць пра затрыманне. Адбываецца абвастрэнне бліжэй да дня выбараў і яно будзе большае. Улады пралічылі рэальны рэйтынг сваіх кандыдатаў, ён знаходзіцца на нулявым узроўні. Наяўнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых спісах – гэта правядзенне актыўных вулічных кампаній. Яно працуе не на карысць таму сцэнару, які падрыхтавала для сябе беларуская ўлада. Ніхто не паверыць у яўку.

Затрыманы Анатоль Лябедзька знаходзіцца ў Кобрыне. Суд над ім адбудзецца там жа 12 лютага.

Пра гэта некалькі гадзін таму паведамілі жонцы Лябедзькі. У прынятай заяве АГП патрабуецца “спыніць злачынную практыку выкарыстання спецслужб для барацьбы з палітапанентамі”.

Анатоль Лябедзька вяртаўся з перадвыбарчых пікетаванняў у Берасці.    

Прадстаўнікі АГП абяцаюць паведаміць падрабязнасці затрымання ў бліжэйшы час.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя