Мінабароны расказала аб удзеле ў міратворчых місіях



Міратворчасць — адзін са спосабаў рэалізацыі мірных ініцыятыў. Беларусь сёння ўдзельнічае ў гэтым працэсе, накіраваўшы афіцэраў у дзве місіі — міратворчую ў Ліване (пад эгідай ААН) і маніторынгавую ва Украіне (у рамках АБСЕ). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.

«Пастаянна вядзём пошук новых напрамкаў, аддаючы прыярытэт гуманітарным місіям. Размова ідзе аб такіх задачах, як суправаджэнне гуманітарных грузаў, аказанне медыцынскай дапамогі, гуманітарнае размініраванне мясцовасці і аб’ектаў, патруляванне і арганізацыя бяспекі пунктаў пропуску і транспартных камунікацый, работа штабных афіцэраў. У жніўні 2020 года мы пашырылі свой удзел у місіі Часовых сіл ААН у Ліване. Дадаткова ў склад італьянскага кантынгенту былі накіраваны два штабныя афіцэры. Цяпер прапрацоўваецца магчымасць далейшага пашырэння ўдзелу ў місіі ў Ліване», — адзначылі ў абаронным ведамстве.

На ўзроўні кансультацый у распрацоўцы знаходзіцца і пытанне аб удзеле беларускіх ваеннаслужачых у місіях у іншых дзяржавах. Вывучаюцца магчымасці знаходжання ў складзе тых ці іншых кантынгентаў, спосабы выканання задач, пытанні бяспекі і іншыя.

Таксама ў Міністэрстве абароны нагадалі, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі накіроўваюцца толькі ваеннаслужачыя, якія праходзяць службу па кантракце і выключна на добраахвотнай аснове. Акрамя таго, без заключэння міжнародных дамоўленасцей паміж дзяржавамі накіраванне ваеннаслужачых за межы Беларусі немагчыма.

zviazda.by