Мінімум 1500 назіральнікаў на будучых выбарах



Удзельнікі грамадскай кампаніі „Права выбару” выставяць на будучыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары як мінімум 1 500 назіральнікаў. Пра гэта прадстаўнікі гэтай кампаніі, якая аб’ядноўвае 8 вядучых беларускіх дэмакратычных партый і арганізацый, распавялі на прэс-канферэцыі, якая прайшла ў Менску.

Па словах сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна, „Права выбару” мае ўжо дастаткова багаты досвед, яна дзейнічае ўжо больш 5 гадоў:

– Галоўная мэта нашай працы – гэта ўсё ж вярнуць у Беларусь свабодныя, справядлівыя, чэсныя выбары. На гэта накіравана наша праца. Яна трошкі мяняецца па сэнсе ад выбараў да выбараў. Але галоўнае тое, што мы намагаемся ўкараніць у нашу рэчаіснасць змены ў выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку. Яны вызначаны і ўзгоднены паміж арганізацыямі, якія ўдзельнічаюць у кампаніі.

Такіх зменаў у выбарчае заканадаўства некалькі. Але галоўныя з іх тычацца тых момантаў выбараў, калі адбываецца найбольшая колькасць фальсіфікацый. „Таму мы настойваем на абавязковым уключэнні ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый, а таксама кандыдатаў у дэпутаты. Таксама настойваем на адмене ці моцным абмежаванні датэрміновага галасавання і на празрыстым, бачным для назіральнікаў падліку галасоў”, – сказаў Леў Марголін.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

[manual_related_posts]