Мінінфарм абвясціў другое за год папярэджанне парталу tut.by



 Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 верасня вынесла пісьмовае папярэджанне парталу tut.by з фармулёўкай „за распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам”, гаворыцца ў паведамленні партала.

25 жніўня 2020 года на сайце finance.tut.by быў размешчаны артыкул „Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах”. Як прызнае партал, аўтар дапусціў ненаўмысную памылку: няправільна былі пазначаны памеры прэмій, якімі кіраўніцтва КДК і органаў фінансавых расследаванняў зможа заахвочваць сваіх работнікаў, што прымалі „актыўны ўдзел у выяўленні, выкрыцці, абясшкоджванні і затрыманні асоб, якія ўчынілі найбольш небяспечныя злачынствы, што маюць вялікі грамадскі рэзананс”.

Апублікаваная інфармацыя аб тым, што памер прэміі можа складаць да 40 тарыфных ставак першага разраду, у выключных выпадках — да 80, не адпавядае рэчаіснасці. Памылка ўзнікла з-за таго, што пры падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выпусціў той факт, што ў пастанову Саўміна ад 24 снежня 1998 года № 1959, якой рэгулююцца памеры заахвочвання работнікаў некаторых дзяржаўных органаў і грамадзян за актыўны ўдзел у барацьбе са злачыннасцю, у 2015 годзе ўнеслі змены. Тады памер прэміі змянілі да 9 тарыфных ставак першага разраду, у выключных выпадках — да 18.

Калі ў жніўні гэтага года ўрад унёс у спіс тых, хто можа прэтэндаваць на такое заахвочванне, работнікаў КДК і органаў фінансавых расследаванняў, аўтары памылкова ўзялі памеры прэмій, названыя ў пастанове ад 24 снежня 1998 года № 1959.

„Мы ні ў якім разе не хацелі сказіць інфармацыю і „выклікаць негатыўнае ўспрыманне грамадствам выкарыстання бюджэтных сродкаў, што можа прывесці да зніжэння даверу грамадзян да дзяржаўных органаў і, тым самым, нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам”, як палічылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, — гаворыцца ў паведамленні партала. — Просім прабачэння за дапушчаную памылку ў першапачатковай версіі артыкула. У матэрыял аператыўна ўнесены змены, як толькі мы даведаліся аб тым, што няправільна ўказалі памеры прэмій”.

Партал нагадвае, што па законе аб СМІ выпуск сродку масавай інфармацыі можа быць прыпынены на тэрмін да трох месяцаў рашэннем рэспубліканскага органа дзяржкіравання, калі выданне не ліквідуе парушэнні, якія паслужылі падставай для вынясення пісьмовага папярэджання, альбо не даложыць пра гэта ў Мінінфарм. Тэрмін выканання, названы ў папярэджанні, — 9 верасня.

Папярэдняе папярэджанне tut.by атрымаў роўна месяц таму — 7 жніўня. У адпаведнасці з законам аб СМІ ў выпадку вынясення ўладальніку сеткавага выдання двух і больш пісьмовых папярэджанняў на працягу года доступ да сеткавага выдання можа быць абмежаваны. Рашэнне аб гэтым прымае Мінінфарм.

belapan.bу

Фота: КP.by